PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №5084
08 сентября 2021

Распальванне рэлігійнай варожасці? Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў? Не, публікацыя дзяржаўных СМІ

Публікацыя карыкатуры на каталіцкіх святароў у СМІ дзяржавы, дзе рэлігіі і веравызнанні роўныя перад законам, згодна з Канстытуцыяй.
ответ
получен

Адресаты:

Текущий статус обращения:

У нумары газеты “Мінская праўда” ад 07.09.2021 на вокладцы размешчана карыкатура на святароў: у некаторых на шыі вясіць крыж з загнутымі пад прамым вуглом канцамі падобны да свастыкі, у аднаго ў руках намаляваны бела-чырвона-белы сцяжок. Усе разам яны нібыта спяваюць “Магуты Божа”, дзе пад клічкнікамі выяўленыя таксама нацысцкія сымбалы. Да таго жа на версе камічнага малюнка выяўлена быццам ікона з надпісам “Rosica», (Росіца - вёска ў Беларусі, дзе знаходзіцца Касцёл Святой Троіцы). На карыкатуру нанесены загаловак “Мутация веры. Кресты бывают разные…» і падзагаловак “Что волнует в Беларуси католических деятелей и их польских кураторов». Фота пазначанай вокладцы прыкладзена да звароту.

Такім чынам, кпіны з выкарыстаннем выяў нацысцкай сымболікі накіраваны рэдакцыяй абласнога перыядачнага выдання ў бок каталіцкага Касцёлу і яго ксяндзоў.

Лічым падобныя публікацыі ў дачыненні да прадстаўнікоў духавенства, да таго жа рэлігіі, якую прапаведуе больш за 15% насельніцтва краіны, недапушчальным, зняважлівым і абуральным не толькі для ксяндзоў, але і для ўсіх каталікоў Беларусі. Дадзеная публікацыя дзяржаўнага СМІ ўспрымаецца намі як спроба ўзбуджэння рэлігійнай варожасці да Касцёла і каталіцкіх вернікаў.

Згодна з арт.16 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь рэлігіі і веравызнанні роўныя перад законам. Узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа.

У адпаведнасці з арт.39 Закона “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацыях, якое выявілася, у прыватнасці, у распальванні рэлігійнай варожасці або розні альбо абразе грамадзян у сувязі з іх рэлігійнымі перакананнямі, цягне адказнасць, устаноўленую законам.

Свастыка ўнесена ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і такім чынам з`яўляецца сымболікай, якая выкарыстоўваецца ў мэтах ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці ці яе прапаганды, у тым ліку шляхам публічнай дэманстрацыі.

Артыкул 5 Закона «Аб сродках масавай інфармацыі» (далей – Закон) не дапушчае выкарыстання устаноўленых Законам правоў журналіста сродку масавай інфармацыі ў мэтах зганьбаваць праз пашырэнне недакладнай інфармацыі грамадзяніна або асобныя катэгорыі грамадзян па прыкметах адносіны да рэлігіі.

Згодна з арт.38 Закона ў сродках масавай iнфармацыi забаронена распаўсюджванне інфармацыі, накіраванай на прапаганду экстрэмiсцкай дзейнасцi, іншай інфармацыі, распаўсюджванне якой здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь або забаронена Законам, іншымі заканадаўчымі актамі.

У адпаведнасці з арт.130 Крымінальнага кодэкса наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне рэлігійнай варожасці або розні па прыкмеце рэлігійнай прыналежнасці караюцца штрафам, або арыштам, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Пункт 129 Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь у якасці ўнутранай крыніцы нацыянальнай бяспекі вызначае фарміраванне, пранікненне або распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму, рэлігійнай нецярпімасці, незаконная дзейнасць арганізацый, асобных асоб, якія прытрымліваюцца і распаўсюджваюць названыя погляды.

Такім чынам, у нас маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што службовымі асобамі УП "Інфармацыйнае агенцтва "Мінская праўда" праз апублікаванне выпуску газеты “Мінская праўда” ад 07.09.2021 з вышэйапісанай карыкатурай на вокладцы дапушчаны парушэнні заканадаўства аб СМІ і свабодзе сумлення, а таксама ў іх дзеяннях маюцца прызнакі злачынства, прадугледжанага арт.130 Крымінальнага кодэкса і п.129 Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Палажэнне аб Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь вызначае, што Мінінфарм у адпаведнасці з ускладзенымі на яго задачамі, ажыццяўляе ў адпаведнасці з заканадаўствам аб кантрольнай (нагляднай) дзейнасці кантроль за выкананнем заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі. Міністэрства інфармацыі мае права ва ўстаноўленым парадку выносіць пісьмовыя папярэджанні за парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб сродках масавай інфармацыі.

Згодна з арт.3 Закона "Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь" задачамі пракуратуры з'яўляюцца забеспячэнне вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, а таксама грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў. У мэтах выканання гэтых задач пракуратура ажыццяўляе нагляд за дакладным і аднолькавым выкананнем законаў арганізацыямі, службовымі асобамі і іншымі грамадзянамі.

На падставе выкладзенага патрабуем, у межах кампетэнцыі:

правесці праверку па вышэйпазначаных абставінах у дачыненні да УП "Інфармацыйнае агенцтва "Мінская праўда" па прызнаках парушэння яго службовымі асобамі нормаў Закона «Аб сродках масавай інфармацыі», Закона “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях”, а таксама здзяйснення правапарушэння, прадугледжанага арт.130 Крымінальнага кодэкса і п.129 Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь;

у выпадку ўстанаўлення факта парушэння службовымі асобамі УП "Інфармацыйнае агенцтва "Мінская праўда" вышэйпазначаных нормаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь вынесці папярэджанне і прыцягнуць вінаватых асоб да адказнасці, прадугледжанай Крымінальным кодэксам.

Читать далее: