PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №2427
09 апреля 2019

Вярнуць рэчыцкім вуліцы і завулку імя выбітнага паэта Адама Міцкевіча замест імя НКВДшніка

У Рэчыцы замест імя выбітнага беларускага паэта Адама Міцкевіча вуліцы вярнулі старую камуністычную назву, нададзеную ёй у 1959 годзе - імя супрацоўніка НКВД Яўгена Міцкевіча. Патрабуем вярнуць вуліцы імя паэта!
ответ
получен

Адресат:

Текущий статус обращения:

5 красавіка 2019 года набыло моц рашэнне Рэчыцкага раённага Савета дэпутатаў ад 26 сакавіка 2019 года № 64 "Аб пераіменаванні элементаў вулічна-дарожнай сеткі горада Рэчыцы", у якім раённы Савет пераіменаваў вуліцу і завулак Адама Міцкевіча і назваў іх вуліцай і завулкам Яўгена Міцкевіча.

Гэтае рашэнне было прынятае раённым Саветам кулуарна, без шырокага абмеркавання з жыхарамі горада.

Імём Яўгена Міцкевіча былую вуліцу Руднянскую назвалі ў 1959 годзе ў разгар гістарычнага перыяду камуністычнай дыктатуры. Яўген Міцкевіч пасля таго, як быў у Рэчыцы кіраўніком выканкама савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў у часы бальшавіцкага перавароту ў 1917 годзе і грамадзянскай вайны 1918 года, доўгі час служыў у НКВД - структуры, якая запляміла сябе крывёй дзясяткаў мільёнаў бязвінна забітых і закатаваных у лагерах жыхароў былога СССР, дзясяткаў мільёнаў людзей, якія выжылі, але лёсы якіх былі назаўжды зламаныя. Служба ў такой структуры з'яўляецца ганьбай для любога сумленнага чалавека. Увекавечваць памяць службоўцаў НКВД - гэта вяршыня цынізму, гэта плявок на памяць тых, каго бязвінна знішчыла гэтая структура. Тое, што так рабілі ў СССР - зразумела, бо там панавала такая таталітарная ідэалогія. Але незразумела, навошта так рабіць у сучаснай незалежнай Рэспубліцы Беларусь?! Ні ў адной сучаснай краіне, якая перажыла перыяды таталітарных сістэмаў, не называюць вуліцы імёнамі тых, хто служыў у структурах, паводле сваіх дзеянняў падобных НКВД - Gestapo, SS, SD, OVRA ды інш.

У 2015 годзе ў выніку памылкі вуліца набыла імя Адама Міцкевіча. Але відавочна, што гэтая памылка - не выпадковая. Адам Міцкевіч - адзін з самых выбітных паэтаў сусветнай літаратуры. Ён нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі і ва ўсіх сваіх творах апісваў Беларусь. Ён актыўна падтрымліваў нацыянальна-вызваленчы рух сваіх землякоў на ўсіх яго этапах. І зразумела, што падчас упарадкавання назваў элементаў вулічна-дарожнай сеткі горада Рэчыцы ў 2015 годзе вуліцы было нададзена імя выбітнага паэта. Гэта гаворыць пра тое, што імя Адама Міцкевіча значна больш блізкае жыхарам горада, чым імя супрацоўніка НКВД Яўгена Міцкевіча.

Агульнавядома, што тапаніміка, якая акаляе чалавека, уплывае на фармаванне ягонай самасвядомасці. У цяперашні час перад Рэспублікай Беларусь востра стаіць праблема фармавання беларускай нацыянальнай самасвядомасці ў народа нашай краіны. І тапанімічныя назвы, якія спрыяюць пашырэнню ведаў пра нашыя нацыянальна-культурныя здабыткі будуць спрыяць і фармаванню такой свядомасці. Жыццё і творчасць паэта Адама Міцкевіча, увекавечаныя ў назве вуліцы, таксама ў значна большай ступені паспрыяюць замацаванню ў свядомасці рэчычан беларускага нацыянальнага складніка, чым імя мала каму вядомага супрацоўніка НКВД 1930-х гадоў.

5 красавіка 2019 года, пасля таго, як у СМІ з'явілася інфармацыя аб тым, што вуліца Адама Міцкевіча зноў названая імём работніка НКВД Яўгена Міцкевіча, у сацыяльнай сетцы ВКонтакте ў самай шматколькаснай суполцы Рэчыцы Речица LIVE было праведзена апытанне жыхароў горада, у якім станам на 9 красавіка узялі ўдзел больш за 450 чалавек. З іх 38,99% выказаліся за вяртанне вуліцы імя выбітнага паэта Адама Міцкевіча, 25,99% падтрымліваюць вяртанне вуліцы яе спрадвечнай назвы Руднянская, 29,74% не вызначыліся, і толькі 5,29% апытаных падтрымліваюць тое, што вуліца зноў названая імём супрацоўніка НКВД Яўгена Міцкевіча.

Прымаючы пад увагу вышэйапісанае, мы патрабуем прыняць рашэнне Рэчыцкага раённага Савета Дэпутатаў, у якім зноў вярнуць вуліцы і завулку імя Адама Міцкевіча (на беларускай мове) Адама Мицкевича (на рускай мове) і зняць з дома на гэтай вуліцы шыльду са звесткамі пра тое, што яна носіць імя Яўгена Міцкевіча.

Читать далее: