Прапановы да Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах
получен
Адресат:
- Белыничский райисполком
Текущий статус обращения:
- Ответ получен 9 марта 2020. Читать ответ
У сувязі з правядзеннем у 2020 годзе Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах, хочам унесці некалькі прапаноў па арганізацыі свята і добраўпарадкаванні горада.
Лічым неабходным:
1) стварыць у горадзе нармальную веладарожку. Яе неабходнасць адзначаецца некаторымi мясцовымі жыхарамі. У выкладзенай на сайце райвыканкама на грамадскае абмеркаванне канцэпцыі рэканструкцыі галоўнай Савецкай вуліцы, веладарожка ствараецца за кошт ходнікаў. У той жа час Бялынічы з’яўляюцца малым горадам і які небудзь значны рух аўтамабільнага транспарту, у тым ліку па Савецкай вуліцы, адсутнічае, вялікая колькасць камунікацый ажыцяўляецца менавіта на веласіпедах. У такой сітуацыі лічым лагічным стварыць веладарожку за кошт крайніх палос праезнай часткі вуліцы (зараз іх 4), як гэта рэалізавана ўжо як у меншым Давыд-Гарадку, так і ў значна буйнейных гарадах - Брэсце, Полацку, запушчаны пробны праект па вул. В. Харужай у Мінску. У наш час бялыніцкія веласіпедысты ездзяць менавіта па гэтых палосах, так што гэта будзе ўсяго толькі легалізацыяй існай, зручнай і звычнай для людзей, сітуацыі, і не патрабуе значных выдаткаў. Верым, што Бялынічы могуць заняць адно з перадавых месцаў у развіцці велаінфраструктуры, і такое рашэнне будзе гэтаму спрыяць.
2) выявіць размяшчэнне колішніх галоўных дамінантаў мястэчка - Кармеліцкага касцёла (размяшчаўся прыкладна перад кінатэатрам "Зорка") і Раства-Багародзіцкай царквы (размяшчалася прыкладна на месцы музея і знесенай нядаўна бібліятэкі), знішчаных савецкай уладай у сярэдзіне 20 ст., інфармацыйнымі стэндамі з апісаннем, гісторыяй і гістарычнымі здымкамі. У цёплы перыяд правесці раскопкі падмуркаў з мэтай удакладнення размяшчэння і магчымай музеефікацыі, пры немагчымасці музеефікацыі паўтарыць абрысы падмуркаў на ходніках (адрозным па колеры, раскладцы і форме брукам) і ў азеляненні.
3) паўтарыць у выглядзе муралаў у цэнтры горада тры ўнікальныя барочныя фрэскі, цудам выратаваныя ў час знішчэння ў 1960-я гады кармеліцкага касцёла. Пасля шматгадовай рэстаўрацыі (збіралі па дробных кусочках) дзве з іх захоўваюцца ў магілёўскім музеі Масленікава. Муралы суправадзіць подпісамі з тлумачэннямі.
4) устанавіць шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц па-беларуску, як гэта зроблена ўжо шмат дзе па Беларусі. Увогуле выкарыстоўваць у афармленні Дня БЕЛАРУСКАГА пісьменства пераважна беларускую мову.
5) прысвоіць безназоўнай плошчы перад кінатэатрам "Зорка" гістарычную назву — “плошча Рынак”.
Разгледзець магчымасць прысваення плошчы перад райвыканкамам імя дзяржаўнага дзеяча Льва Сапегі, з чыім імём звязаны перыяд бурнага развіцця мястэчка. Так, напрыклад, ён заснаваў у Бялынічах кляштар кармелітаў — адзін з найбагацейшых у Вялікім Княстве Літоўскім. У кляштары знаходзіўся цудоўны абраз Божай Маці, шанаваны хрысціянамі розных канфесій. Праз шматлікія працэсіі і паломніцтвы да яго Бялынічы зваліся «Беларускай Чанстаховай».
Прысвоіць парку на рагу вуліц Янкі Купалы і Гогаля назву “Парк Агінскіх”, у гонар роду Агінскіх, якія валодамі мястэчкам і мелі сядзібу менавіта на гэтым месцы.
6) правесці рэспубліканскі конкурс на лепшы лагатып для Дня пісьменства 2020 г., каб непаўтарылася прыкрая сітуацыя мінулага году, калі ў Слоніме лагатыпам была выбрана ўбогая, на наш позiрк, выява льва, намаляваная ў Пэйнце, зрабіўшы такім чынам сам горад і свята для нас пасмешышчам. Удалы сучасны дызайн лагатыпу зробіць сувенірную прадукцыю з ім запатрабаванай і падвысіць прэстыж горада.
7) перастаць фарбаваць бардзюры, слупы і дрэвы — гэтая практыка выдае па-савецку безгустоўны падыход да добраўпарадкавання горада і не робіць яго прыгажэйшым. Штогод на гэтую бессэнсоўную працу выдаткоўваюцца грошы і трацяцца людскія сілы. Паглядзіце на буйныя гарады Беларусі і на гарады Еўропы: вы не знойдзеце там пафарбаваных бардзюраў. Мяркуецца, што гэта практыка прыйшла з армейскіх часцей, дзе ад няма чаго рабіць салдатаў прымушалі фарбаваць усё, што можна пафарбаваць. Што тычыцца бялення, то ў гэтым годзе Інстытут эксперыментальнай батанікі імя Віталя Купрэвіча НАН Беларусі пацвердзіў, што яно найчасцей не мае сэнсу. Пабелка дрэў, якія растуць у парках, скверах, на бульварах і вуліцах, не прадугледжана, адзінае месца, дзе, як вынікае з падручнікаў садоўніцтва, належыць бяліць дрэвы, гэта пладовыя сады. Пры гэтым адзначалася, што пабелка – гэта нятанны і працаёмкі працэс, навукова-гаспадарчая мэтазгоднасць якога ў горадзе адсутнічае.
8) прывесці каларыстычнае рашэнне фасадаў і рэкламнае афармленне да розуму. Зараз на Савецкай вуліцы муляць вока ядавіда-ружовыя устаўкі на кафэ "Друць", сіняя металадахоўка шапіка з газетамі, агідны зялёна-чырвоны сайдынг прадуктовай крамы, карычнева-бірузовы ніз універмага, адзіны гістарычны будынак на вуліцы спаганены аб’ёмным рэкламным боксам “Белыя Росы” (для гістарычных будынкаў рэкамендуецца афармляць вывескі асобнымі літарамі без падложак і лайтбоксаў) і нейкімі налепленымі цаглінкамі, пры тым што будынак сам цагляны.
Таксама хочам адзначыць, што прапанаваныя рашэнні па плошчы перад райвыканкамам не падлягаюць абгрунтаванню з пункту гледжання архітэктуры. Помнік Леніну, які ўвесь час быў дамінантай, што трымала плошчу, прапануецца пераставіць на іншы бок вуліцы. Пры гэтым, насуперак законам архітэктурнай кампазіцыі, мяркуецца, што помнік будзе стаяць не на восі райвыканкам — аддзел адукацыі, а ссунуты ў бок, а пастамент паменшаны прынамсі ў 2 разы, што робіць яго непрапарцыйным самой скульптуры. Такім чынам, падобнае рашэнне зробіць плошчу пустой і бязглуздай капазіцыйнай, а яе дамінанта, на нашу думку, ператворыцца ў помнік-калеку. Мы не супраць пераносу скульптуры Леніна ў іншае месца, але помнік перад райвыканкамам мусіць быць захаваны, калі замест скульптуры на існы пастамент не плануецца ўстанавіць помнік нейкай іншай асобе, звязанай з горадам (гл. п. 5 з прапановай прысвоіць імя Льва Сапегі), то лічым, што варта пакінуць як ёсць. Акрамя таго хочам зрабіць заўвагу, што абліцоўка дробным керамагранітам з бачнымі мацаваннямі выглядае ўбога і псуе сваімі гарызантальнымі чляненнямі вертыкальны аб’ём пастамента — калі хочаце неяк добраўпарадкаваць плошчу, дык лепей прыбярыце яго і патынкуйце якой-небудзь дэкаратыўнай тынкоўкай.
Просім разглядаць гэты калектыўны зварот у тым ліку ў рамках грамадскага абмеркавання рэканструкцыі вуліцы Савецкай.