PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №4063
05 июня 2020

Гістарычныя могілкі Ракава пад пагрозай.

Пашкоджанні нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці “Комплекс старых праваслаўных могілак XIX ст.”.
ответ
получен

Адресаты:

Текущий статус обращения:

Просім у межах кампетэнцыі правесці праверку і прыняць неабходныя меры па наступных фактах.

На тэрыторыі аграгарадка Ракаў Валожынскага раёна Мінскай вобласці адбываюцца пашкоджанні нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці “Комплекс старых праваслаўных могілак XIX ст.”, якая ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь пад шыфрам 612Д000101, катэгорыя каштоўнасці 2 (далей па тэксце - «Могілкі»).

У траўні 2020 сябрамі намі зафіксавана масавае з’яўленне новых пахаванняў на тэрытырыі Могілак і невыкананне некаторымі адказнымі асобамі патрабаванняў заканадаўства аб забеспячэнні захаванасці матэрыяльнай каштоўнасці. Гэта ў выніку прывяло да прычынення шкоды, частковага знішчэння і пагаршэння ўмоў успрымання і знішчэння культурнага пласта на значнай частцы тэрыторыі Могілак.

У 2011 г. уласнікам Могілак – Ракаўскім сельвыканкамам - падпісаны ахоўнае абавязацельства (№ 11-02-07/769, ад 20.12.2010) і праект зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці (№48 ад 25.10.2011). Тэрыторыя, якую займалі Могілкі ў 19 ст., з’яўляецца строга лакалізаванай згодна картаграфічным дакументам 19 – пач. 20 ст.: пачынаецца ад мураванай брамы 1893 г. і працягваецца на поўнач ў межах агароджы Могілак.

Менавіта ў гэтай, найбольш каштоўнай частцы Могілак, за апошнія 15 гадоў з’явіліся і масава працягваюць з’яўляцца новыя пахаванні, намі назіраецца вялікая колькасць абгароджаных пад будучыя магілы і аплачаных фізічнымі асобамі надзелаў. Новыя пахаванні, па нашых назіраннях, займаюць месца ранейшых магіл, якія з’яўляюцца неад’емнымі сутнаснымі складнікамі Могілак, як нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Сёння на тэрыторыі намі заўважаны больш за 35 надмагілляў 19 – пач. 20 ст. перасунутых са сваіх месцаў, хаатычна зваленых ў кучы. Некаторыя з іх маюць сляды свежых механічных пашкоджанняў.

Адзін стары надгробак выкарыстоўваецца ў якасці прыступкі для новай магілы. Некалькі надмагільных камянёў выкарыстаны для ўзмацнення земляной падпорнай сценкі. Надмагілле 1831 г. зрушана з першапачатковага месца, якое ў выніку страчана.

У матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці “Комплекс старых праваслаўных могілак XIX ст.” адсутнічае пашпарт, з дапамогай якога можна было б суаднесці перамешчаныя надмагіллі з месцамі пахаванняў. Акрамя гэтага, на пагорку, які згодна з мапамі канца 19 – пач. 20 ст., знаходзіцца ў цэнтры могілак 19 ст., разбураюцца рэшткі мураванай мігілкавай капліцы, а таксама двух цагляных надмагілляў, адно з якіх яшчэ ў 2009 г. было цэлым, а сёння напалову руініраванае, а другое цалкам знішчана.

Тэрыторыя Могілак 19 ст. (не ўлічваючы частку 20 ст., якая знаходзіцца бліжэй да выезда на Мінск, перад брамай) за выняткам тых месцаў, дзе з’явіліся новыя пахаванні 21 ст., сёння знаходзіцца ў нездавальняючым санітарным стане: шчыльна зарасла маладым самасевам лістоўных парод дрэваў і кустоў, адсутнічаюць арганізаваныя праходы і добраўпарадкаванне гэтай часткі тэрыторыі Могілак.

Апроч гэтага, на матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці дагэтуль не ўсталявана ахоўная дошка. Усё пералічанае вышэй у сукупнасці мае прыкметы парушэння арт.103, 104, 105, 107, 108, 109, 110, 114, 121, 122 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

У 2013 г. Валожынскім раённым выканаўчым камітэтам праводзілася праверка па факту пашкоджання Могілак. Тады былі выяўлены наступныя парушэнні: факты парушэнняў правілаў утрымання аб’екта ў належным стане, факты новых пахаванняў на месцах, дзе раней былі старыя надмагіллі. Камісіяй быў распрацаваны пералік мераў, неабходных для выпраўлення сітуацыі: устаноўка ахоўнай дошкі на аб’екце гісторыка-культурнай каштоўнасці; правядзенне мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні тэрыторыі могілак; выраб і ўстаноўка па перыметры Могілак інфармацыйных дошак аб забароне пахавання памерлых на дадзенай тэрыторыі; ўвядзенне службамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі пасады ўпраўляючага Могілкамі; разгляд пытання аб ізаляванні старых могілак ад новых пахаванняў (устаноўка агароджы); распрацоўка праектна-сметнай дакументацыі пад месца для новых пахаванняў у адпаведнасці з генеральным планам будаўніцтва аграгарадка Ракаў. Звяртаю ўвагу на тое, што прадпісаныя меры ад 2013 года не выкананыя адказнымі асобамі дагэтуль.

У 2014 г. Мінскім абласным выканаўчым камітэтам праводзіўся выезд у аг.Ракаў з мэтай вывучэння сітуацыі на месцы. Было ўстаноўлена, што “пахаванні 19 ст. на могілках не маюць лакальнага месцазнаходжання і знаходзяцца паміж сучаснымі пахаваннямі 20-21 стст.”. Аднак пры гэтым не было ўдакладнена, што ўсе пахаванні 19 ст. знаходзяцца ў паўночнай палове Могілак, за брамай 1893 г., і згодна з картаграфічнымі дакументамі лакалізуюцца вакол пагорка ў цэнтры гэтай часткі і з трох бакоў дасягаюць рысы агароджы. Пры гэтым сучасныя пахаванні датуюцца 2005 г. і пазнейшым часам.

Такім чынам, пахаванні 19 ст. маюць лакальнае месцазнаходжанне і не знаходзяцца паміж сучаснымі пахаваннямі, як заяўлена ў адказе, а наадварот, сучасныя пахаванні з’яўляюцца паміж пахаваннямі 19 ст. ўжо ў той час, калі тэрыторыя могілак прызнана тэрыторыяй нерухомай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці 2 катэгорыі. Адпаведна гэтаму, маецца наяўны факт скажэння фактычнай інфармацыі, што ўводзіць ў зман службовых асобаў і спецыялістаў, як абавязаны працаваць з Могілкамі як аб“ектам кіравання і даследвання.

Тамсама ў Дадатку 2 прыводзіцца той аргумент, што ў адпаведнасці з прынятым праектам зон аховы №48 на тэрыторыі ахоўных зон забаронена правядзенне земляных работ без кваліфікаванага археалагічнага нагляду або папярэдніх раскопак, але не прадугледжваецца забарона пахаванняў або закрыццё могілак і дадаецца пералік згодна з Палажэннем аб ахове археалагічных аб’ектаў пры правядзенні земляных і будаўнічых работ,ажыццяўленні іншай дзейнасці на тэрыторыі археалагічных аб’екта, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20.07.2012 г. №665. Пры гэтым цалкам ігнаруецца той факт, што новыя пахаванні непасрэдным чынам змяняюць матэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць, што дапускаецца толькі пасля атрымання дазволу пры ўмове навуковага абгрунтавання гэтага змянення згодна з артыкулам 109 Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь. У гэтым жа адказе было заяўлена пра тое, што вырабляюцца і будуць устаноўлены па перыметру могілак інфармацыйныя дошкі аб забароне самавольнага пахавання памерлых на дадзенай тэрыторыі, плануецца ўвядзенне пасады ўпраўляючага могілкамі. Акрамя таго, было даведзена да ведама, што генеральным планам аг. Ракаў былі прадугледжаны дзве пляцоўкі пад размяшчэнне могілак у паўднёвай частцы вёскі. На сёняшні дзень большая частка заяўленых мераў, па нашых дадзеных, не была выканана.

У адпаведнасці з арт. 41 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” і арт. 14 Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы абавязаны ажыццяўляць кантроль у сферы аховы гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны. Выпадак з пашкоджаннем гісторыка-культурных каштоўнасцей, мяркуем, сведчыць, што адказнымі супрацоўнікамі сельвыканкама і райвыканкама не ажыццяўляліся неабходныя мерапрыемствы па кантролю ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Згодна з вышэйпрыведзенымі фактамі просім:

а) забараніць з’яўленне новых магіл на тэрыторыі Могілак 19 ст.;

б) правесці праверку па факту пашкоджання каштоўнасці і прыняць неабходныя меры па ліквідацыі парушэння заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, абавязаць уласніка выканаць патрабаванні арт. 75 Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь, у тым ліку правесці поўную інвентарызацыю Могілак, ачыстку тэрыторыі ад зарастання хмызняком.

Читать далее: