PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №1161
10 ноября 2017

Дзіцячыя садкі з навучаннем па-беларуску. Выбірай сваё, выбірай будучыню!

У дакументах, якімі карыстаюцца супрацоўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, адсутнічае магчымасць зафіксаваць пажаданне атрымаць беларускамоўную адукацыю.
ответ
получен

Адресат:

Текущий статус обращения:

Просім забяспечыць магчымасць выбраць беларускую мову навучання пры пастаноўцы дзяцей на ўлік ва ўстановы дашкольнай адукацыі.

На сённяшні дзень форма, якая запаўняецца ў службе “Адно акно” пры пастаноўцы на ўлік, не мае графы з выбарам мовы навучання. Запіс ва ўстановы дашкольнай адукацыі служба “Адно акно” здзяйсняе задоўга да моманту фарміравання груп, самі групы фарміруюцца на пачатак навучальнага года. Незафіксаваная інфармацыя пра пажаданую мову навучання не дае магчымасці ўлічыць намеры бацькоў атрымаць адукацыю на беларускай мове. Падкрэсліваем, што ў дакументах, якімі карыстаюцца супрацоўнікі мясцовых выканкамаў, адсутнічае магчымасць зафіксаваць пажаданне атрымаць беларускамоўную адукацыю. Форму бланка, што існуе сёння, і форму бланка, якую мы прапануем зацвердзіць, дадаем да звароту (Дадатак 1).

Далей, на этапе фарміравання агульнага “Спіса дзяцей, якія маюць патрэбу ў накіраванні ва ўстанову адукацыі для атрымання дашкольнай адукацыі”, усе дадзеныя заносяцца ў табліцу, якая таксама не мае графы з выбарам мовы навучання. Форму бланка, што існуе сёння, і форму бланка, якую мы прапануем зацвердзіць, дадаем да звароту (Дадатак 2).

Мы перакананы, што групы з беларускай мовай адукацыі павінны быць створаны аддзеламі адукацыі ва ўстановах дашкольнай адукацыі загадзя, перад пачаткам навучальнага года, адпаведна бацькам павінна быць прапанавана навучанне дзяцей на беларускай мове ў дадзеных групах. Перакладанне адказнасці на бацькоў па пошуку аднадумцаў, якія таксама жадаюць, каб іх дзеці навучаліся на беларускай мове, з’яўляецца маніпуляцыйным і супрацьзаконным.

Згодна з артыкуламі 15, 17, 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, беларуская і руская мовы маюць аднолькавы статус у Рэспубліцы Беларусь, дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце недапушчальная. Дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны беларускай нацыянальнай супольнасці, да якой адносіцца і беларуская мова. Гэта азначае, што доступ да атрымання дашкольнай адукацыі на беларускай і рускай мовах у Рэспубліцы Беларусь павінен быць забяспечаны для ўсіх жадаючых на аднолькавых умовах.

Згодна з арт. 2 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, асноўным напрамкам дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі з'яўляецца ў тым ліку забеспячэнне роўнасці беларускай і рускай моў.

Згодна з арт. 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, асноўнымі мовамі навучання і выхавання ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь. Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права.

Такім чынам, мы маем права паставіць на ўлік сваіх дзяцей, якія маюць патрэбу ў накіраванні ва ўстанову адукацыі для атрымання дашкольнай адукацыі, менавіта на беларускай мове. Прычым зрабіць гэта на такіх жа ўмовах і ў тым жа парадку як і тыя, хто звяртаецца ў мясцовыя органы для пастаноўкі на ўлік сваіх дзяцей ва ўстановы дашкольнай адукацыі на рускай мове.

Таксама, мы маем права патрабаваць і мець магчымасць атрымання нашымі дзецьмі дашкольнай адукацыі на беларускай мове на тых жа ўмовах і ў тым жа парадку як і тыя, хто патрабуе і атрымлівае для сваіх дзяцей дашкольную адукацыю на рускай мове.

Для рэалізацыі нашага права на атрыманне нашымі дзецьмі, без аніякай дыскрымінацыі, дашкольнай адукацыі на беларускай мове просім:

1. Прывесці ў адпаведнасць з заканадаўствам форму бланка пастаноўкі на ўлік дзяцей, якія маюць патрэбу ў накіраванні ва ўстанову адукацыі для атрымання дашкольнай адукацыі, якая запаўняецца ў службе “Адно акно”, уключыўшы ў яе два варыянты атрымання адукацыі – на беларускай ці рускай мове. Забяспечыць службу “Адно акно” бланкамі згаданай формы як на рускай, так і на беларускай мове.

2. Прывесці ў адпаведнасць з заканадаўствам дадатак да Пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 16.08.2011 № 234 “Спіс дзяцей, якія маюць патрэбу ў накіраванні ва ўстанову адукацыі для атрымання дашкольнай адукацыі”, уключыўшы ў яго графу "Мова навучання, беларуская ці руская".

3. Стварыць адпаведныя ўмовы для атрымання дашкольнай адукацыі на любой з дзяржаўных моў, па жаданні бацькоў ці законных прадстаўнікоў дзіцяці, без аніякай дыскрымінацыі і незалежна ад колькасці заявак, пададзеных на атрыманне дашкольнай адукацыі на беларускай ці рускай мове.

Читать далее: