21.02.2019 ва ўсім свеце адзначалі Дзень роднай мовы. З глыбокім абурэннем паведамляем, што ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава, які знаходзіцца ў Беларусі і рыхтуе педагагічныя кадры для мясцовых, беларускіх школ, цэлы тыдзень праводзіліся мерапрыемствы ў гонар "родного русского языка". Іх праводзілі супрацоўнікі філалагічнага факультэта пры падтрымцы фонду "Русский мир", які дзейнічае ў Расіі і займаецца прапагандай рускай мовы і традыцый рускага народу. Несумненна, гэта рабілася са згоды рэктара ВДУ Аляксея Ягорава.
А.У.Ягораў мае юрыдычную адукацыю, і таму ён не мог не разумець, што прапаганда мовы суседняй дзяржавы ў Дзень роднай мовы - гэта дэманстрацыя антыпатрыятычных настрояў, якія, атрымліваецца, пануюць у падпарадкаванай яму вышэйшай навучальнай установе.
У гэты дзень шматлікія арганізацыі і ўстановы Рэспублікі Беларусь ладзілі імпрэзы, прысвечаныя роднай беларускай мове. Дзень роднай мовы стаў нацыянальным святам у працоўных, студэнцкіх, вучнёўскіх калектывах, і людзі падчас імпрэзаў у гонар беларускай мовы адчувалі сябе сапраўднымі патрыётамі, навучаліся ганарыцца гісторыяй і культурай Беларусі, аддавалі даніну памяці продкаў, якія ў войнах і нягодах здабылі сенняшнюю незалежнасць Рэспублікі Беларусь. І толькі віцебскі ўніверсітэт зняславіў сябе на ўсю краіну тым, што змусіў выкладчыкаў і студэнтаў услаўляць чужую мову замест роднай.
Яшчэ раз звяртаем Вашу ўвагу на тое, што ВДУ імя Машэрава рыхтуе настаўнікаў для беларускіх школ, і больш за 80% тутэйшых студэнтаў - гэта выхадцы з вёсак і райцэнтраў Віцебскай вобласці або жыхары абласнога цэнтру. Услаўленне рускай мовы ў якасці роднай у беларускай ВНУ мы расцэньваем не інакш як здзек над патрыятычнымі пачуццямі беларускага народу, як абразу нацыянальнай годнасці беларусаў.
Без сумневу, частка насельніцтва Беларусi мае права лічыць роднай мовай рускую, і навучальныя ды культурніцкія імпрэзы, прысвечаныя любым мовам свету, - гэта пазітыўная з'ява. Аднак у Дзень роднай мовы пашана павінна аддавацца менавіта ёй, а не асабістым памкненням некаторых супрацоўнікаў універсітэта лішні раз прадэманстраваць сваю адданасць "русскому міру" у любых яго праявах.
Мы патрабуем адстаўкі рэктара ВДУ імя Машэрава Ягорава А.У., са згоды якога праводзіліся імпрэзы, скіраваныя, на нашу думку, супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, і якія супярэчаць патрыятычнай плыні ідэалагічнага выхавання ў нашай краіне, рыхтуюць глебу для дэстабілізацыі ў грамадстве.
Патрабуем таксама забараніць умяшанне замежных грамадскіх арганізацый і фондаў ва ўнутранае жыццё беларускіх навучальных установаў; патрабуем забараніць размяшчэнне офісаў замежных урадавых і няўрадавых арганізацый на тэрыторыі беларускіх устаноў адукацыі.
Мы хочам, каб у нашых ВНУ выхоўваліся сапраўдныя патрыёты Беларусі, а не касмапаліты з няўцямнымі поглядамі на ідэалагічна важныя складнікі грамадскага жыцця.
Количество подписей под петицией:
310
Теги: #Витебск #ВГУ #Віцебск #ВДУ #русскиймир
Праведзены пэўныя мерапрыемствы, якія былі прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы.
Ваша прапанова аб звальненні А.У.Ягорава, рэктара ўстановы адукацыі ”Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава“, прынята да ведама.
16.9кБ, добавлено Moder2, 2019-04-26 15:24:21