PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №3035
17 октября 2019

Спыніце разбурэнне сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава

Палац Адама Хмары ў Сёмкава застаўся без даху, імкліва разбураецца. Маёмасць разрабавана, вандалізм працягваецца. Паркі становяцца мясцовым сметнікам, а ўся тэрыторыя месцам баўлення вольнага часу аматараў гарачых напояў і экстрымальных прыгод.
ответ
получен

Адресаты:

Текущий статус обращения:

Мы, госцi i мясцовыя жыхары аграгарадка Сёмкава Мінскага раёна, а таксама неабыякавыя грамадзяне, якія ведаюць сёмкаўскі сядзібна-паркавы комплекс, звяртаемся з просьбай дапамагчы ў належным зберажэнні гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Сёмкаўскі комплекс (па вул. Школьная) мае статус помніка 2 катэгорыі (нацыянальнага значэння) і паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а менавіта Кодэкса аб культуры, павінен ахоўвацца дзяржавай. Тым не менш, з 2004 года палац у Сёмкава застаўся без даху, пачалося імклівае разбурэнне сценаў. З 2012 па 2014 г. на тэрыторыі дзейнічала арганізацыя “Бацькі і настаўнікі за адраджэнне праваслаўнай адукацыі”, былі праведзеныя працы па кансервацыі палаца, была створана выставачная зала з артэфактамі з сядзібы. Каб паглядзець сёмкаўскую сядзібу, французскі і англійскі паркі, сюды пачыналі прыязджаць аўтобусныя туры з экскурсіямі. Для працы ў Сёмкава прыязджалі валанцёры з розных краін Еўропы, у тым ліку з Расіі, Украіны, Германіі, Ірландыі, Іспаніі, Польшчы, Латвіі і інш. На жаль, пасля завяршэння дзейнасці праекта палац зноў застаўся без гаспадара, і па большай частцы – без даху над сценамі, месца зноў стала занепадаць.

Тэрыторыя сядзібнага комплексу ў той час была без аховы. І таму імкліва адбываўся крадзеж маёмасці. З верасня 2018 года нарэшце комплекс ахоўваецца вартаўнікамі. Наймальнік: аддзел культуры Мінскага раённага выканкама. Увосень 2018 быў праведзены поўны абкос тэрыторыі сядзібнага комплексу. Узімку рэгулярна чысціўся снег. Зімой падчас стайвання снегу моцна абсыпаліся сцены палаца, абвальваліся цэлыя цагліны, сцены.

З вясны 2019 тэрыторыя, якае мае гістарычную каштоўнасць, абкошваецца. Але ўнутры палаца працы па абкосе не вядуцца, што не спрыяе захаванню аб’екта. Таксама застаюцца дзіркі ў агароджы. Праз гэта на тэрыторыі бываюць не толькі мінакі, але і матыцыклісты, квадрацыклісты і г.д.

Незразумела пад чыёй аховай зараз знаходзяцца сядзібныя паркі. Іх знешні выгляд больш нагадвае мясцовы сметнік, як ахоўваемы аб’ект.

Асобную ўвагу трэба надзяліць захаванню мармуровай пліты 1804 года. Пліта захавалася з часоў самаго ўладальніка сядзібы Адама Храмы, з'яўляецца адным з нешматлікіх помнікаў падобнага кшталту: памятная пліта ад сыноў (Адама і Іяхіма Хмары) у гонар сваіх бацькоў. Менавіта таму пліта павінна быць закансерваваная спецыяльнымі сродкамі (варта звярнуцца да спецыялістаў Акадэміі навук) і накрывацца футуралам.

Другая частка сядзібнага комплекса, будынкі якой не ўяўляюць сабой гістарычнай каштоўнасці, даглядаецца УП ЖКГ Мінскага раёна. Тэрыторыя адчыненая для наведвальнікаў, не ахоўваецца. Летам 2018 года дзеці на даху 3 павярховых будынкаў займаліся паркурам. За вясну-лета 2019 г. тэрыторыя ні аднаго разу не была абкошаная. Альтанка, узламаныя будынкі служаць месцам рэгулярных сходаў аматараў гарачых напояў і шумнага баўлення часу.

На падставе артыкула 41 Закона "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні", якая ўсталёўвае, што выканкамы праводзяць мерапрыемствы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, добраўпарадкаванне тэрыторыi, а таксама Палажэння аб Міністэрстве культуры, зацверджанага Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2017/01/17 N 40, якім да функцый Мінкультуры аднесена арганізацыя і садзейнічанне правядзенню мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай і археалагічнага спадчыны, просім звярнуць увагу на гэты аб’ект. Са свайго боку, з мэтай належнага захавання комплексу, прапануем наступнае:

1. Правесці абкос унутры палаца і кустоўя каля знешніх сценаў з прывабліваннем спецыялістаў (сцены моцна сыплюцца, выкананне прац неспецыялістамі небяспечна як для людзей, так і гістарычнай каштоўнасці);

2. Закрыць скразны праход праз палац у мэтах бяспекі (з узгадненнем Міністэрства культуры);

3. Да зімы закансерваваць пліту 1804 г. і накрыць футуралам;

4. Адрамантаваць агароджу;

5. Забараніць праезд квадрацыклаў, матацыклаў, скутараў.

Таксама прапануем у мэтах прафілактыкі вандалізму, крадзяжоў, засмечвання тэрыторыі:

1. Наладзіць правядзенне рэгулярных экскурсій для школьнікаў, мясцовых жыхароў, дачнікаў;

2. Двойчы на год праводзіць супольныя прыборкі з прыцягненнем школьнікаў і іх бацькоў, інфармаваннем мясцовых жыхароў і заахвочваннем іх да ўдзелу.

3. Правядзенне сярод навучэнцаў каледжаў, ліцэяў, ПТК раённых фотаконкурсаў, конкурсаў мастацкай, паэтычнай і іншай творчасці прысвечанай Малой Радзіме ўвогуле і сядзібе ў Сёмкава ў прыватнасці.

4. Правядзенне штогадовага фестываля культуры, рамёстваў, стравы (Прыклад: фестываль "Справа" http://spravafestival.by/ , http://www.chyrvonka.by/2017/08/ў-vyoscy-belaya-carkva-prajshoў-mizhnarodny-festyval-muzyki-mastactva-yogi-i-prostaj-vyaskovaj-ezhy-sprava/).

5. Супрацоўніцтва з мясцовымі санаторыямі, аграсядзібамі, базамі адпачынку па правядзенні Фестываля, а таксама пошуку сродкаў на кансервацыю/рэстаўрацыю, добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Таксама спадзяемся, што будзе адкрыты спецыяльны рахунак "На кансервацыю/рэстаўрацыю сядзібна-паркавага комплекса у аг. Сёмкава”.

З павагай, неабыякавыя грамадзяне, жыхары Сёмкава, а таксама краязнаўцы.

Читать далее: