PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №3179
28 ноября 2019

Праверыць правамоцнасць і абгрунтаванасць рашэння аб зносе гістарычнага будынка ў Чэрвені

Улады горада Чэрвеня плануюць знесці адзін з нямногіх гістарычных будынкаў у горадзе дзеля пабудовы на яго месцы псеўдагістарычнага навабуда.
ответ
получен

Адресаты:

Текущий статус обращения:

Просім у межах кампетэнцыі праверыць правамоцнасць і абгрунтаванасць рашэнняў прынятых у дачыненні да гістарычнага будынка ў г. Чэрвені, размешчанага па адрасе плошча Свабоды, 8. Цяпер у будынку размяшчаецца раённы краязнаўчы музей і бібліятэка.

Будынак музея быў пабудаваны ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя ўрачом па прозвішчы Кудзін. У доме з моманту ўзвядзення месцілася Ігуменская павятовая ўправа, а доктар Кудзін атрымліваў арэндную плату. З балкона гэтага гістарычнага будынка жыхарам горада было абвешчана пра звяржэнне самадзяржаўя і ўсталяванне Савецкай улады. Пасля рэвалюцыі дом Кудзіна шмат гадоў выкарыстоўваўся як адміністрацыйны будынак. У ім размяшчаліся рэўкам, Савет народных дэпутатаў, райкам партыі, райвыканкам. У 1984 годзе ў будынку размешчаная раённая бібліятэка, з 1992 года ў трох залах адкрыты Чэрвенскі раённы краязнаўчы музей.

Дом Кудзіна, які захаваў у сваёй архітэктуры рысы мадэрну, размешчаны на заходнім баку гістарычнага Рынка (цяпер плошча Свабоды), забудова якога, разам з забудовай паўднёвага і паўночнага бакоў плошчы, фарміруе адзіны комплекс. На будынку каля ўваходу ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі ў гонар абвяшчэння савецкай улады і ў гонар Чэрвеньскага падпольнага райкама КП(б)Б, які дзейнічаў у Вялікую Айчынную вайну з кастрычніка 1942 года да 3 ліпеня 1944 года.

У цэнтры горада добра захавалася і іншая гістарычная забудова пачатку ХХ стагоддзя, якая з’явілася пасля пажару 1899 года, што цалкам знішчыў драўляны цэнтр. Яна была пабудаваная ігуменскімі майстрамі з мясцовай цэглы, і мае агульнае архітэктурнае рашэнне, аднолькавую форму вокнаў, ляпніну. Але неахайнае стаўленне мясцовых уладаў да гістарычнай спадчыны, адсутнасць ахоўнага статусу і нізкі ўзровень свядомасці ды густу вядуць да візуальнай дэградацыі гістарычнай забудовы ў гарадах і мястэчках Беларусі.

У чэрвені 2018 года, па нашых дадзеных, ТАА «Універсальныя будаўнічыя тэхналогіі» праведзена абследаванне будаўнічых канструкцый будынка, па выніках якіх неабходна было выканаць умацаванне фундаментаў жалезабетоннымі абоймамі па ўсім перыметры апорных сцен, умацаванне цаглянай кладкі апорных сцен, поўную замену межпавярховага перакрыцця і гарышча, умацаваць вонкавыя сцены будынка і іншае. Чэрвенскім раённым выканаўчым камітэтам было прынятае рашэнне аб зносе існуючага будынка і ўзвядзенні новага будынка ў псеўдагістарычным стылі, які не мае нічога агульнага з арыгінальным будынкам. Мяркуецца, што новы музей пачнуць будаваць ужо ў наступным годзе. У дадзены момант, паводле інфармацыі мясцовых жыхароў, актыўна выносяцца рэчы, што сведчыць пра хуткае разбурэнне будынка.

Мы звярталіся ў Міністэрства культуры, але паколькі ніводны будынак у горадзе(!) не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, нягледзячы на відавочную каштоўнасць забудовы, яно не магла зрабіць ніякіх рашучых дзеянняў, але звярнулася ў Мінскі аблвыканкам і Чэрвеньскі райвыканкам аб неабходнасці прыняцця мер па захаванні гістарычных будынкаў. Аднак, Мінскі аблвыканкам у сваім адказе падтрымаў разбурэнне гістарычнага дома Кудзіна дзеля ўзвядзення навабуда, бо, на думку чыноўнікаў, гэта «не парушыць гістарычную аб’ёмна-планіровачную структуру, культурны гістарычны ландшафт будзе захаваны». Таксама аблвыканкам не ўбачыў падстаў надаваць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці гістарычным будынкам у горадзе, аргументуючы гэта тым, што паводле Кодэкса аб культуры, такі статус можа быць нададзены пры ўмове, што каштоўнасць з’яўляецца аўтэнтычнай або рэстаўраванай [мяркуем, гэта перакручванне фактаў, у Кодэксе, на наш погляд, таго няма, а высокі ўзровень захаванасці забудовы ў горадзе бачны нават па фота], але, на думку чыноўнікаў, у Чэрвені ў ходзе шматлікіх рамонтаў гістарычныя будынкі падвергліся значным змяненням і страцілі аўтэнтычнасць.

Нагадаем, што ўхваленнем праектаў, якія прыводзяць да такіх значных змяненняў і страты аўтэнтычнасці, займаюцца ў першую чаргу чыноўнікі з райвыканкама. Нам вядомы выпадкi, калi мясцовыя ўлады імкнуцца або не дапусціць надання статусу (што цяпер зручней, бо наданне 3 катэгорыі каштоўнасці, якую мае большасць шараговай забудовы, было перакладзена з плячэй міністэрскай Рады на саветы пры мясцовых выканаўчых і распарадчых органах), або пазбавіць ужо існуючыя.

Выкананне прыведзеных праектнай арганізацыяй захадаў па захаванні гістарычнага будынка, на нашую думку, патрабуе куды меншых выдаткаў, чым дэмантаж старога і ўзвядзенне новага будынка. Акрамя гэтага, пры прыняцці рашэння, відавочна, не былі ўлічаны ўскосныя выгады і пазітыўны ўплыў на эканоміку раёна: гарады з аўтэнтычнымі гістарычнымі цэнтрамі (пры ўмове іх рэстаўрацыі і падтрымання ў належны стане) успрымаюцца жыхарамі як больш камфортныя, прыбліжаныя да чалавека і сумаштабныя яму, таксама павялічваецца прыцягальнасць для турыстаў і аказваецца станоўчы ўплыў на патрыятычнае выхаванне. Апроч гэтага, паводле Стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусі адным з галоўных пунктаў называецца развіццё сістэмы курортна-рэкрэацыйных і турыстычных тэрыторый. Згодна з генеральнай схемай развіцця турызму да 2030 года, выкладзенай у Дзяржаўнай схеме комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Рэспублікі Беларусь, Чэрвень названы гістарычным горадам. Аднак такое абыходжанне з гістарычнай спадчынай у горадзе ставіць пад пытанне устойлівае развіццё рэгіёна.

Згодна з арт 4 Закона "Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь" задачамі пракуратуры з'яўляюцца забеспячэнне вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, а таксама грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў.

У адпаведнасці з арт 7 Закона "Аб Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і яго тэрытарыяльных органах" адной з асноўных задач Камітэта дзяржаўнага кантролю з'яўляецца ажыццяўленне дзяржаўнага кантролю за эфектыўным і рацыянальным выкарыстаннем бюджэтных сродкаў і дзяржаўнай уласнасці.

На падставе выкладзенага таксама маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што не было праведзена належным чынам грамадскае абмеркаванне. Пра тое, што гістарычны будынак у самым цэнтры горада будзе знесены, мы даведаліся постфактум з артыкула ў інтэрнэце. Відавочна, што такое пытанне мусіла вырашацца не толькі ў кабінетах чыноўнікаў, але і пры ўдзеле мясцовага насельніцтва.

Читать далее: