Звяртаемся па наступнай праблеме, якая, мяркуем, турбуе і вас.
У БССР у 1920-я – 1950-я гады паводле крымінальных справаў судовым і несудовым спосабам, па нашых дадзеных, было рэпрэсавана 235.5 тыс. чалавек. Частка гэтых людзей былі расстраляны непасрэдна каля Гомеля (Бутулінскі і Шчакатоўскі лес, на выездзе з горада, справа і злева ад Чарнігаўскай шашы). Гэта падцверджваецца, у прыватнасці, матэрыяламі археалагічных раскопак 1995 года. Вынікі гэтых раскопак выкладзены ў артыкуле археолага А. Штэменка “Тайны Шчакатоўскага леса” (Палiтычныя рэпрэсii на Беларусi у ХХ стагоддзi. Mатэрыялы навукова-практычнай канферэнцыi (Мiнск, 27-28 лютага 1998 г.). Мiнск., 1998. С. 167-176.)
Дагэтуль нявінныя ахвяры тэрору не пахаваны належным чынам ні па хрысціянскіх, ні па чалавечых абрадах. Іх парэшткі з адтулінамі ад стрэлаў у чарапах знаходзяцца ў агульных ямінах, а косткі ўжо часткова валяюцца на зямлі. Існуе небяспека раскопвання парэшткаў “чорнымі капальнікамі” у пошуку артэфактаў.
Сваякі рэпрэсаваных не ведаюць дзе магілы іх продкаў, куды можна прынесці кветкі і паставіць памятны знак.
Таму мы, ніжэйпадпісаныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, кіруючыся арт.41 Закона "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь", згодна з якiм выканкамы ў межах сваёй кампетэнцыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, забяспечваюць распаўсюджванне культурных каштоўнасцей, праводзяць культурныя мерапрыемствы і ажыццяўляюць стымуляванне культурнай дзейнасці грамадзян, праводзяць мерапрыемствы па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, прапаноўваем:
1. Правесці абследаванне, раскопкі і вывучэнне (навукоўцамі-археолагамі) масавых пахаванняў з чалавечымі парэшткамі, са слядамі гвалтоўнай смерці (расстраляных) у ваколіцах Гомеля, на выездзе з Гомеля з боку раёна Навабеліца, у лясным масіве па абодва бакі Чарнігаўскай шашы. У выпадку знаходжання падобных месцаў масавых пахаванняў у іншых месцах, у межах Гомеля альбо ў яго ваколіцах, просім і ў гэтым выпадку правесці расследаванне, раскопкі і вывучэнне. Згодна з пастановай Вярхоўнага савету Беларусі ад 6 чэрвеня 1991 года “Аб парадку рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій 1920-х – 1980-х гадоў” органы дзяржаўнай бяспекі, унутраных спраў, пракуратуры, абавязаны аказваць спрыянне сваякам і грамадскім аб’яднанням у адшукванні месцаў пахавання асобаў, расстраляных і памерлых у месцах пазбаўлення волі.
2. Па выніках раскопак просім змясціць падрабязную публікацыю ўсіх расследаванняў ў СМІ.
3. Просім правядзення адкрытага грамадскага абмеркавання з прыцягненнем усіх зацікаўленых ва ўшанаванні памяці пацярпелых ад рэпрэсій (нашчадкаў рэпрэсаваных, сябраў грамадскіх арганізацый, навукоўцаў, краязнаўцаў, прадстаўнікоў кіраўніцтва Гомеля і вобласці) канцэпцыі і месца размяшчэння мемарыялу ў памяць аб бязвінных.
4. Згодна з законам “Аб месцах масавых пахаванняў”, такія месцы мусяць мець асаблівы ахоўны статус, а значыць, што там маюць быць усталяваны ахоўныя і мемарыяльныя знакі, таму прапаноўваем надаць месцам масавых расстрэлаў ў Шчакатоўскім і Бутулінскім лесе ахоўны статус і ўсталяваць ахоўныя і мемарыяльныя шыльды.
5. Згодна з ранейшымі раскопкамі археолага А. Штэменка было высветлена, што загінулыя з’яўляюцца ахвярамі тэрору 1930-х – пач. 1940-х гадоў. Таму мы прапаноўваем узвесці мемарыял ў памяць аб гэтых людзях у Шчакатоўскім лесе. У помніку-мемарыяле перапахаваць эксгумаваныя, неапазнаныя чалавечыя парэшткі. У выпадку, калі парэшткі магчыма індэнтыфікаваць, даць магчымасць сваякам і нашчадкам забітых перапахаваць сваіх родзічаў.
6. У выпадку, калі будуць выяўлены месцы ахвяраў, якія загінулі ў перыяд Вялікай Айчынай вайны, лічым неабходным узвесці асобны помнік-мемарыял ў памяць ахвяраў нацыстаў на тым месцы, дзе будуць выяўлены такія парэшткі.
7. Просім каб падчас дзейнасці па ўшанаванні памяці нявінных ахвяраў тэрору была створана і працавала грамадская камісія (археолагі, супрацоўнікі музеяў, гісторыкі, сваякі расстраляных альбо рэпрэсаваных, судмедэксперты), якая бы выконвала кантралюючыя функцыі.
Количество подписей под петицией:
566
Еще фотографии Скрыть фотографии
Теги: Гомель рэпрэсіі масавыя расстрэлы 30 - е гады мемарыял ушанаванне
Пры ўзнікненні неабходнасці ў правядзенні земляных, будаўнічых і іншых работ на названай у звароце тэрыторыі, будзе забяспечана даследаванне мясцовасці ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. У выпадку выяўлення воінскіх пахаванняў да работ па эксгумацыі чалавечых парэшткаў далучыцца 52 асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.