PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №368
29 октября 2016

Прадубліраваць сучасныя назвы вуліц у цэнтры Гродна іх гістарычнымі варыянтамі

Гродна мае багатую гісторыю, але толькі адзінкавыя вуліцы маюць гістарычныя назвы. Указанне ранейшых тапонімаў у гарадской прасторы стане важным крокам да аднаўлення гістарычнай атмасферы горада. Мы прапануем устаноўку шыльдаў з гістарычнымі тапонімамі.
ответ
получен

Адресат:

Текущий статус обращения:

Гродна мае багатую шматвяковую гісторыю, аднак сёння толькі адзінкавыя вуліцы носяць свае гістарычныя назвы (напрыклад, вуліцы Маставая, Вялікая Траецкая, Падольная, Калючынская). Указанне ранейшых тапонімаў у гарадской прасторы стане важным крокам да аднаўлення гістарычнай атмасферы ў горадзе і пазітыўна адаб'ецца на турыстычным патэнцыяле горада.

ПРАПАНОВА

Прапануем у гістарычным цэнтры Гродна пазначыць вуліцы іх гістарычнымі назвамі – паказаць гістарычную тапаніміку горада. Напрыклад, вуліца Савецкая раней мела назвы Віленская, Дамініканская, Саборная, якія мелі лагічную прывязку да тагачаснай гарадской прасторы, а сёння выдатна дапамагалі б тлумачыць гісторыю горада.

Чаму гэта важна?

1. Папулярызацыя беларускай гісторыі і ідэнтычнасці. Часта вуліцы горада названыя ў гонар людзей і падзей, якія не маюць канкрэтных адносін да Гродна, беларускай гісторыі і культуры. Любая з ранейшых назваў можа стаць злучальным звяном паміж мінулым і будучыняй горада, паказаць пераемнасць і прыхільнасць традыцыям.

2. Гістарычны цэнтр горада з’яўляецца адным з найлепш захаваных у краіне. Указанне гістарычных назваў – важны крок у кірунку вяртання гораду гістарычнага аблічча. Гэта дапаможа гродзенцам лепш ведаць гісторыю роднага горада.

3. Гэта павысіць турыстычную прывабнасць горада. З 26 кастрычніка 2016 года ўступілі ў сілу палажэнні Указа Прэзідэнта №318 аб бязвізавым наведванні Аўгустоўскага канала і прылеглых тэрыторый, у тым ліку Гродна. Прапрацоўваецца заканадаўчая ініцыятыва аб магчымасці бязвізавага ўезду на ўсю тэрыторыю Беларусі. Пры гэтым унутраны турызм быў і застаецца адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця турыстычнай індустрыі краіны. Турыстам з дапамогай такіх шыльдаў будзе лёгка і цікава знаёміцца з гісторыяй горада.

Чаму гэта проста?

1. Гэта не патрабуе значных фінансавых выдаткаў. Назва вуліцы застаецца ранейшай. Гістарычныя назвы паказваюцца толькі дадаткова.

2. Прапануецца пазначыць гістарычныя назвы 10-15 вуліц гістарычнага цэнтра горада. Ранейшыя назвы вуліц паказваюцца не на кожным доме, а ў пачатку і канцы вуліц на асобным стэндзе (шыльдзе).

3. Стэнд (шыльда) могуць быць выраблены з недарагіх, але ў той жа час практычных і прыдатных для выкарыстання ў вулічных умовах матэрыялаў. Трэба прапанаваць варыянты матэрыялаў, разлічыць меркаваны кошт вырабу і крапяжу адной шыльды, каб такім чынам пралічыць кошту рэалізацыю ўсёй ініцыятывы.

Чаму гэта трэба рабіць абавязкова?

Аналагічныя ініцыятывы ўжо рэалізаваныя ў некаторых гарадах Беларусі. Напрыклад, у Клецку – яшчэ ў 2012 годзе. Сёлета, летам-восенню 2016 года, шыльды з гістарычнымі назвамі з’явіліся ў Мінску і ў Міры. Яшчэ раней так зрабілі ў Магілёве, Баранавічах, у пасёлку Халапенічы Крупскага раёна. Ва ўсіх выпадках дзеянні гарадскіх уладаў жыхары горада і грамадскасць ухвалілі.

Такім чынам, мы прапануем Гродзенскаму гарвыканкаму:

1. Скласці спіс цэнтральных вуліц горада, на якіх мэтазгодна размясціць шыльды з гістарычнымі назвамі.

2. Распрацаваць дызайн шыльды.

3. Прааналізаваць кошт вырабу і ўсталявання адной шыльды.

4. Выдзеліць бюджэтныя сродкі на рэалізацыю прапановы або прыцягнуць фірмы, арганізацыі, прадпрыемствы горада да спонсарскай падтрымкі ініцыятывы.

У кожным з гэтых пунктаў ініцыятары звароту гатовыя дапамагчы парадамі і іншай неабходнай працай.

Читать далее: