PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №5431
20 июля 2022

Скажэнні гісторыі Беларусі праз палітыку памяці

Дэманстрацыя ў грамадскім транспарце відэаролікаў гістарычна-неаб’ектыўнай накіраванасці.
ответ
получен

Адресаты:

Текущий статус обращения:

Апошнім часам у грамадскім транспарце, у прыватнасці трамваях, і на станцыях Мінскага метраплітэна пачалі трансліравацца відэаролікі пад назвай “Беларусь.История», дзе ў даволі дзівацкай, чымсьці падобнай на коміксы, форме выкладаюцца розныя гістарычныя падзеі. 

Напрыклад, відэа пра старэйшага сына Альгерда, полацкага і пскоўскага князя Андрэя Альгердавіча – “Андрей Полоцкий. Герой Куликова поля”- дзе голас за кадрам упэўнена паведамляе, што ў бітве на Кулікоўскім полі на баку Дзмітра Данскога выступіла “большая дружина выходцев из Белой Руси, которую привёл Андрей Полоцкий».

Не зусім зразумела, што аўтар мае на ўвазе пад “Белой Русью”, улічваючы, што Кулікоўская бітва адбылася 8 верасня 1380 года, і згодна з адміністрацыйным падзелам Вялікага Княства Літоўскага на той момант так званай “Белой Руси" не існавала.

Згодна з гістарычнымі нарысамі "Хроніка Белай Русі. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы" доктара гісторыі Алеся Белага "хаця падзел ВКЛ на ўласна Літву і Русі сапраўды ўзыходзіць да ХІІІ ст., Белай гэтая Русь стала лічыцца толькі ў XVII ст.", то ёсьць праз тры стагоддзі пасля апісаных у вышэйпазначаным відэа падзей.

Акрамя таго даследчык падкрэслівае, што такому чляненню не спадарожнічала ні адміністрацыйная, ні этнічная, ні натуральная фізіка-геаграфічная мяжа.

 Такім чынам, лічым, што называць паплечнікаў Андрэя Полацкага выхадцамі Белай Русі некарэктна.  

Далей, відэаролік “Брестская уния”, дзе той жа закадравы голас паведамляе, што ў кастрычніку 1596 г. у Брэсце адбыўся Сабор “который объявил о присоединеннии правослваных к католической церкви“, гэтыя словы суправаджаюцца відэашэрагам, на якім праваслаўны храм візуальна памяньшаецца і хаваецца ў цяні касцёла, што пэўна павінна аказваць псіхалагічны эфект ушчамлення (альбо паглынення) праваслаўнай царквы перад каталіцкай, пасля прыняцця Берсацейскай уніі. Аднак, Берацейская ўнія, на самой справе, утрымлівала ідэю аб`яднання праваслаўнай і каталіцкай царквы ў межах Вялікага Княства Літоўскага, а не паглыненне адной рэлігіяй іншай, што пацвярджаецца сустрэчамі праваслаўных епіскапаў ВКЛ з прадстаўнікамі Ватыкана, які адбыліся у пачатку 90-х гг. XVI ст., звесткі аб якіх утрымліваюцца, нават у вучэбным дапаможніке для 10 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі "Гісторыя Беларусі са старажытных часоў да канца XVIII ст." Вынікам прыняцця Берасцейскай уніі стала ўтварэнне ўніяцкай царквы, якая на працягу XVII - XVIII стст. ахоплівала да 80% сялян, мяшчан, дробнай і сярэдняй шляхты. А адной з характэрных рысаў уніяцтва было тое, што "новая царква па сваёй абраднасці не вельмі адрознівалася ад праваслаўнай і была цесна звязана з паўсядзённым жыццём простага народа".

Не гледзячы на вышэйвыкладзеныя факты, у відэа нас пераконваюць у тым, што Берасцейскую унію “приняли и ввели некоторые духовные лица и при том из своих корыстных целей“, аб якіх канкрэтна карыслівых мэтах ідзе гаворка ў відэа, на жаль, не паведамляецца. Да таго ж, як пазначана ў кніге гісторыка С.Арлова "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае" на скліканы Сабор і з’ехаліся ўсе епіскапы, старэйшыя найбольш значных манастыроў, прадстаўнікі духавенства і манаства, што зноў супярэчыць звесткам відэароліка. 

Такім чынам, адназначная і негатыўная ацэнка аднаго з важнейшых момантаў беларускай гісторыі прымушае ўзяць пад сумненне аб`ектыўнасць аўтараў відэролікаў “Беларусь.История”. 

Таксама пасажырам грамадскага транспарта ў межах “Беларусь.История” дэманструецца відэа “Валентина Терешкова. Первая женщина в космосе“. Трэба адзначыць, што Валянціна Уладзіміраўна нарадзілася ў Яраслаўскай вобласці, РСФСР, мае грамадзянства Расійскай Федерацыі, на дадзены момант з`яўляецца расійскім палітыкам. На жаль, у нас не атрымалася знайсці звестак аб яе гістарычных унёсках у развіццё і дасягненні менавіта Беларусі, каб можна было яе ўключыць у адзін шэраг з Ефрасінняй Полацкай, Кірылам Тураўскім і інш., як гэта зрабілі стваральнікі “Беларусь.История».

Такім чынам, прааналізаваўшы змест вышэйпералічаных відэаролікаў, выкарыстаныя ў іх візуальныя эфекты, растаўленне акцэнтаў, ствараецца ўражанне супрацьпастаўлення беларусаў, літоўцаў ды палякаў, і ідэалізацыя гістарычных адносін нашых продкаў з Расіяй.

Чаго каштуе відэролік пра агульнае змаганне Полацкага і Наўгародскага княства з крыжакамі, дзе глядачоў пераконваюць амаль не ў братэрстве палачан і наўгародцаў навек, але пра тое, што гэтыя княствы змагаліся паміж сабой да нашэссця Тэўтонскага ордэну, ды і пасля аўтары “Беларусь.История» саромліва не гавораць.

Быццам бы беларусам аб іх гісторыі расказвае нехта трэці, хто мае свае, не вельмі аб`ектыўныя погляды на гісторыю Беларусі. 

На жаль, пры праглядзе відэасерыі “Беларусь.История” немагчыма зразумець хто з`яўлецца яе аўтарам-стваральнікам, і з якіх гістарычных і навуковых крыніц браліся звесткі для гэтых відэа, і ці браліся яны адтуль увогуле. 

Таксама няясна, чым выкліканае рашэнне аб неабходнасці дэманстраваць менавіта гэтыя відэа з дастаткова аднабаковай і неаб`ектыўнай падачай інфармацыі ў грамадскім транспарце, на даволі шырокае кола глядачоў.

На падставе вышэйвыкладзенага просім: 

- паведаміць аб тым, хто з`яўляецца аўтарам, стваральнікам відэролікаў з агульнай назвай “Беларусь.История“, што дэманструюцца ў грамадскім транспарце, ці ўдзельнічалі ў стварэнні гэтых фрагментаў прафесійныя беларускія гісторыкі, ці ўзгоднены іх змест з Акадэміяй навук;

- патлумачыць падставы рашэння аб дэманстрацыі менавіта ролікаў «Беларуь.История” у трамваях і метро, а таксама паведаміць інфармацыю аб дзяржоргане, якім гэтае рашэнне было прынятае; 

- прааналізаваць змест відэа пад агульнай назвай “Беларусь.История» на іх адпаведнасць гістарычным фактам, іх аб`ектыўнасці і паўнаты ў адпаведнасці з прынцыпамі прававога рэгулявання інфармацыйных адносін, замацаваных у Законе "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі". У выпадку выяўлення неадпаведнасці дадзеных відэа вышэйпазначаным прыныпам і гістарычным фактам спыніць іх дэманстрацыю ў грамадскім транспарце. 

Трансляцыя відэа “Беларусь.История” у метро: https://www.youtube.com/watch?v=MD1Kg9xNrrw 

“Андрей Полоцкий. Герой Куликова поля” – https://www.youtube.com/watch?v=Md9Mw7GdRAY 

“Брестская уния” - https://www.youtube.com/watch?v=vGLh8nGeTqM 

“Валентина Терешкова. Первая женщина в космосе“ - https://www.youtube.com/watch?v=d4wDxPYo4YM 

Читать далее: