PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №5888
05 июля 2024

Супраць знішчэння парку і замчышча ў Магілёве пад музей цара

Супраць знішчэння зялёных насаджэнняў і найстаражытнай часткі горада пад музейны комплекс, для якога ёсць ідэальнае іншае месца.
петиция
отправлена

Адресат:

Текущий статус обращения:

У сувязі з пачаткам грамадскага абмеркавання па канцэпцыі рэканструкцыі парку імя Горкага мы заяўляем, што выступаем рашуча супраць узвядзення ў гэтым месцы музейнага комплексу і любых іншых аб’ектаў, якія запатрабуюць знішчэння дрэваў і разбурэння археалагічнага пласта замчышча.

(https://mogilev.gov.by/obshchestvennye-obsuzhdeniya/52268-izveshchenie-o-provedenii-obshchestvennogo-obsuzhdeniya-arkhitekturno-planirovochnoj-kontseptsii-v-forme-informirovaniya-fizicheskikh-i-yuridicheskikh-lits-i-izucheniya-obshchestvennogo-mneniya-po-obektu-rekonstruktsiya-parka-im-gorkogo-s-vozvedeniem-muzejnogo-kompleksa-i-blagoustrojstvom-territorii-v-g-mogileve)

Падобны праект выносіцца на грамадскае абмеркаванне пры ўсё яго відавочнай абуральнасці для грамадскасці і неадпаведнасці нарматыўным дакументам.

Паводле праекта зон аховы гістарычнага цэнтра Магілёва (далей ПЗА), зацверджанага ў 2023 годзе (https://tnpa.by/#!/FileText/684125/548448) тэрыторыя магілёўскага замчышча, на якім быў разбіты парк, знаходзіцца ў межах першага ўчастка ахоўнай зоны. Згодна з рэгламентамі гэтай зоны забараняецца знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Пры рэалізацыі праекта з падземным паверхам будзе цалкам, падчыстую знішчаны культурны пласт на тэрыторыі найбольш старажытнай часткі горада - колішняга Магілёўскага замка, які існаваў у XVI—XIX стагоддзях. Тут у зямлі захаваліся грунтавы могільнік і рэшткі сярэднявечных умацаванняў (XII - XIII стст.). Культурны пласт гістарычнага цэнтра з’яўляецца складовай часткай гісторыка-культурнай каштоўнасці пад шыфрам 512Е000001, таму яго разбурэнне супярэчыць рэгламентам ПЗА. Да таго ж чужародны па архітэктуры аб’ект на месцы парку і драўляных умацаванняў пагоршыць традыцыйнае ўспрыманне гістарычнага цэнтра, што таксама забаронена ПЗА.

Паводле іншага рэгламенту на гэтай тэрыторыі забаронена ўзвядзенне новых будынкаў перыметральнай забудовы кварталаў пры наяўнасці архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў аб страчанай гістарычна значнай забудове. У дадзеным выпадку гістарычна значнымі ў перыметральнай забудове квартала замчышча з’яўляліся ягоныя вежы і сцены.

Яшчэ адзін пункт ПЗА на гэтым участку ахоўнай зоны забараняе змяненне (ці страта) элементаў гістарычнага ландшафту ўздоўж берагоў р. Дубравенка, р. Дзебра, карэннага правага берага р. Днепр, тэрыторыі парка культуры і адпачынку імя М. Горкага. Рэалізацыя прадстаўленага праекта прывядзе да вынішчэння амаль усіх (акрамя аднаго) дрэваў на палове тэрыторыі парку Горкага. Таксама праектам прадугледжаны зрэз натуральнага пагорка, на якім паўстане асноўны паверх музейнага комплекс. Гэта ўсё з’яўляецца відавочным і непапраўным змяненнем гістарычнага ландшафту парку.

Такім чынам прадстаўлены праект не можа быць прыняты да рэалізацыі праз грубае парушэнне рэгламентаў зон аховы гістарычнага цэнтра. Акрамя таго ў дэталёвым плане цэнтральнай часткі г. Магілёва з праектам рэгенерацыі гістарычнай зоны, чыя карэкціроўка была прынятая ў 2016 годзе (https://mogilev.gov.by/images/stories/build/plan_center.jpg), тэрыторыя парку пазначана як азелянёная зона, а не як грамадская, жылая, прамысловая і любая іншая зона, якая прадугледжвае ўзвядзенне будынкаў і збудаванняў. На плане парку не пазначаны ніякія іншыя збудаванні, акрамя тых, што існавалі на той момант (царква і дзве пабудовы побач). Такім чынам паводле ПДП адсутнічае магчымасць будаўніцтва ў парку музейнага комплексу. Паводле Схемы азелянённых тэрыторый агульнага карыстання горада Магілёва (https://mogilev.gov.by/downloads/archit/ED_MOGILEV.pdf), распрацаванай спецыялістамі БелНДІПгорадабудаўніцтва і зацверджанага ў 2020 годзе, парк імя Горкага называўся жыхарамі ў ліку тых, якія жыхары прапаноўвалі пакінуць у натуральным стане. Паводле падлікаў спецыялістаў у склад азелянённых тэрыторый агульнага карыстання Ленінскага раёна ўваходзяць 149 аб'ектаў, агульнай плошчай каля 873,32 га. Паказчык забяспечанасці азелянёнымі тэрыторыямі ў раёне аб'ектамі гарадскога значэння складзе 2,72 м2 на чалавека, аб'ектамі раённага значэння – 3,01 м2 на чалавека, што значна ніжэй за ўстаноўлены паказчык (у 2-3 разы). Нарматыў забяспечанасці насельніцтва вялікіх гарадоў азелянёнымі тэрыторыямі агульнага карыстання павінен складаць: гарадскога значэння - 8 м2 / чалавека; раённага значэння - 7 м2 / чалавека. Такім чынам на тэрыторыі раёне трэба не вынішчаць зялёныя насаджэнні пад музейныя комплексы, а наадварот павялічваць плошчы паркаў і сквераў. Рэалізацыя аб’екта пагоршыць паказчыкі забяспечанасці азелянёнымі тэрыторыямі насельніцтва раёна. Мы лічым памылкай прапанову знішчыць ядро горада з тысячагадовай гісторыяй, каб пабудаваць музей у славу цара, вядомага як Мікалай “Крывавы”, які прабыў у горадзе пару гадоў, уцягнуўшы краіну ў імперыялістычную вайну, якая прынесла беларусам толькі кроў і разбурэнні. З 2005 года ў праекце зон аховы гістарычнага цэнтра Магілёва забаронена любое будаўніцтва на плошчы Славы (раней Савецкай) акрамя навукова абгрунтаванага аднаўлення страчаных будынкаў. У 2008 годзе была адбудавана ратуша, але для аднаўлення помнікаў класіцызму - будынка губернскага праўлення і дома губернатара - не было прадпрынята анічога. Сёння замест будынкаў толькі газон. Тое ж самае прапісанае і у праекце зон аховы, прынятым у 2023 годзе. Нават пазначаны контуры страчаных помнікаў архітэктуры. Месцам пражывання цара і месцам размяшчэння Стаўкі быў як раз дом губернатара. Захавалася вялікая колькасць фотаздымкаў як экстэр’ераў, так і інтэр’ераў, у тым ліку тых, дзе пражываў і працаваў Мікалай 2.

Немагчыма адшукаць больш ідэальнага аб’екта для размяшчэнне музейнай экспазіцыі, прысвечанай часу знаходжання ў горадзе Стаўкі. Не трэба ні знішчаць ні дрэвы, ні падмуркі Магілёўскага замка, а горад у выніку атрымае адроджаныя помнікі архітэктуры, у якіх адкрыецца экспазіцыя.

Читать далее: