PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №1066
19 сентября 2017

Абгрунтаванне гістарычнай каштоўнасьці бела-чырвона-белага сцяга

Абгрунтаванне гістарычнай каштоўнасьці бела-чырвона-белага сцяга
ответ
получен

Адресат:

Текущий статус обращения:

У дадзеным звароце просьба разгледзіць наступныя пытанні:

1) Аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці;

2) Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь узору 1991-1995 гг., які захоўваецца ў дзяржаўнай установе «Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь»;

3) Аб стварэнні эталона Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь узора 1991-1995 гг. і перадачы яго на захоўванне.

ПЕРШАЕ ПЫТАННЕ

Паводле п. 2 артыкула 69 Кодэкса Рэспублікі Беларусь «Аб культуры» ад 20 ліпеня 2016 г. (далей — Кодэкс) да нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей адносіцца, у тым ліку, і змест геральдычных аб’ектаў. Гэта значыць, што бел-чырвона-белы сцяг цалкам падпадае пад такую катэгорыю.

Згодна з пунктам 1 артыкула 70 Кодэкса бел-чырвона-белы сцяг можна разглядаць як асобную культурную каштоўнасць.

Артыкул 92 Кодэкса пералічвае крытэрыі для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Бел-чырвона-белы сцяг больш дакладна падыходзіць як да падпункта 1.2. артыкула 92 Кодэкса («маюць значнасць з пункту гледжання гісторыі, археалогіі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, мастацтва, навукі і тэхнікі, эстэтыкі, этналогіі або антрапалогіі, культуры і аказалі значны ўплыў на развіццё краіны або асобнага яе рэгіёна») і да падпункта 1.3. артыкула 92 Кодэкса («непасрэдна звязаны з жыццём і дзейнасцю знакамітых асоб, гістарычнымі падзеямі, традыцыямі, вераваннямі або ідэямі і перакананнямі, якія аказалі значны ўплыў на ход гістарычнага, культурнага і (або) духоўнага развіцця беларускага народа»). Таксама бел-чырвона-белы сцяг пасуе пад падпункт 1.6. артыкула 92 Кодэкса («з’яўляюцца выдатным мастацкім узорам (шэдэўрам), створаным або пераўтвораным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ці створаным беларусамі замежжа»), бо геральдычны змест бел-чырвона-белага сцяга не мае аналагаў у свеце.

Паводле п. 2. Артыкула 86 Кодэкса, нематэрыяльныя культурныя каштоўнасці, якiм можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, могуць быць выяўлены прафесiйна. Падчас працы ў дзяржаўнай установе «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» была знойдзена схематычная выява Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь узору 1991-1995 гг. (Гл.: Дадатак 1). Паводле падпункта 2.1. артыкула 87 Кодэкса была ажыццяўлена фіксацыя выявы шляхам сканіравання ў Нацыянльны архіве Рэспублікі Беларусь.

Пункт 5 артыкула 91 Кодэкса прадугледжвае тэкставае апісанне культурнай каштоўнасці, якая прапануецца для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. З апісання вынікае, што выява — гэта палотнішча, якое складаецца з трох гарызантальна размешчаных каляровых палос роўнай шырыні (1/3): верхняй і ніжняй белага, а сярэдняй — чырвонага колеру. Адносіны шырыні сцяга да яго даўжыні — 1:2.

Паводле пункта 12 артыкула 91 навуковая апрацоўка аб’екта, які прапануецца для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, выявіла наступнае:

Гістарычныя звесткі

Бел-чырвона-белы сцяг з’явіўся ў адзін з вызначальных этапаў гісторыі Беларусі, перад якой ва ўмовах відавочнага краху Расійскай імперыі востра паўстала праблема самавызначэння. Аўтарам эскіза такога сцяга ў 1917 г., як мяркуюць вядомыя беларускія гісторыкі, стаў культурны дзеяч К.С. Дуж-Душэўскі (Гл.: Рудовіч С. Белы, чырвоны, белы… // Звязда. — 1992. — 25 сакавіка. — С. 2) Такое палотнішча выконвала ролю дзяржаўнага сцяга часоў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), незалежнасць якой была абвешчана 25 сакавіка 1918 г. (Гл.: Устаўная грамата Рады БНР ад 25 сакавіка 1918 г., арыгінал // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 325. — Воп. 1. — Спр. 21. — Арк. 124-125). Падрабязнае апісанне палотнішча даў адзін з актыўных дзеячаў БНР (Гл.: Ластоўскі В. Што трэба ведаць кожнаму беларусу? // Вольная Беларусь. — 1918. — 11 жніўня. — С. 203). На фоне вострых дыскусій аб тым, ці была БНР насамрэч дзяржавай, сучасныя беларускія гісторыкі зыходзяцца на тым, што «дзейнасць Рады БНР і Народнага сакратарыята з’явіліся адным з фактараў, якія паўплывалі на рашэнне абвясціць у студзені 1919 г. Беларускую ССР». (Гл.: Мазец В.Г. Беларуская Народная Рэспубліка: абвяшчэнне і дзейнасць (1918 год) : аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук: спецыяльнасць 07.00.02: айчынная гісторыя / Мазец Валянцін Генрыхавіч; Акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі. — Мінск, 1995. — С. 16).

Больш таго, пунктам 3 Маніфеста Часовага Рэвалюцыйнага Рабоча-Сялянскага Савецкага Ўрада Беларусі ад 1 студзеня 1919 г. «Белорусская Рада с её так называемыми народными министрами» абвяшчалася «вне закона», а, паводле пункта 4 таго ж Маніфеста, ўсе нарматыўныя прававаыя акты Рады лічыліся «недействительными» (Гл.: История Советской Конституции (в документах). 1917-1956. — М.: Государственное из-во юр. лит-ры, 1957. — С. 180). У Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1920 г. Беларуская Найвышэйшая Рада таксама ліквідавалася і «подлежала суду рабоче-крестьянского народа» (Гл.: История Советской Конституции (в документах). 1917-1956. — М.: Государственное из-во юр. лит-ры, 1957. — С. 236).

Такія пункты ў гэтых, безумоўна, важных для беларускага савецкага дзяржаўнага будаўніцтва дакументах сведчаць пра тое, што бальшавікі фактычна прызналі БНР як дзяржаўнае ўтварэнне. У часы існавання БССР бел-чырвона-белы сцяг быў забаронены.

У перыяд акупацыі Беларусі нямецка-фашыскімі захопнікамі бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся пранацысцкімі калабаранцкімі органамі, што дало праціўнікам сцяга казаць аб поўнай яго непрымальнасці як у якасці нацыянальнага, так і дзяржаўнага сімвала (Гл.: Михальченко А. Белорусская символика: традиции и современность // Советская Белоруссия. – 1990. – 25 ноября. – С. 2). Хаця сённяшнія дзяржаўныя сцягі шэрагу еўрапейскіх краін, акупаваных гітлераўскай Германіяй выкарыстоўваліся мясцовымі калабарантамі. Відавочна, што непрыманне нацыянальнай сімволікі з-прычыны гітлераўскай акупацыі, у прыватнасці, Беларусі недарэчна і нелагічна. Напрыклад, нямецка-фашыская адміністрацыя на акупаванай Беларусі (безумоўна, у сваіх мэтах) пэўным чынам ухваляла выкарыстанне беларускай мовы. Аднак беларускай мове ў нашай краіне нададзены статуст дзяржаўнай. У такім разе можна ставіць пытанне ўвогуле пра забарону ўжывання беларускай мовы.

Пазней беларускія гісторыкі даказалі, што афіцыйнага пісьмовага дазволу на выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга нямецка-фашысцкія акупацыйныя ўлады не давалі. Таксама няма ніякіх сведчанняў таго, што пад бел-чырвона-белым сцягам акупантамі на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг. ажыццяўляліся карныя аперацыі (Гл.: Насевіч В. Гэты сцяг пачынаўся так… // Чырвоная змена. — 1995. — 20 красавіка. — С. 3).

У сувязі з працэсамі «перабудовы», дэмакратызацыі і галоснасці у другой палове 1980-х гг. бел-чырвона-белы сцяг ізноў з’явіўся на палітычнай авансцэне і стаў адметнай рысай тых сілаў (Беларускі Народны Фронт за перабудову «Адраджэнне» і інш.), якія былі накіраваны на пэўныя (а ў некаторых галінах — і на карэнныя) змены ў рэспубліцы і грамадстве. Бел-чырвона-белы сцяг хутка становіцца папулярным асабліва сярод моладзі, што выклікала непакой уладаў. У сакавіку 1989 г. пракуратура г. Мінска праз сродкі масавай інфармацыі вымушана была зрабціь заяву аб недапушчальнасці выкарыстання «незарегистрированной символики» (Гл.: Леонов Н. О флагах и вымпелах // Вечерний Минск. — 1989. — 23 марта. — С. 1). 31 сакавіка 1989 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР унес змены і дапаўненні ў Кодэкс Беларускай ССР аб адміністрацыйных правапарушэннях, паводле якіх істотна ўзмацнялася адказнасць за выкарыстанне не толькі не зарэгістраваных сцягаў, але вымпелаў і нават эмблемаў, чаго нават не існавала ў агульнасаюзным заканадаўстве (Гл.: В Президиуме Верховного Совета БССР // Вечерний Минск. — 1989. — 4 апреля. — С. 1). 20 красавіка 1989 г. выступаючы перад народнымі дэпутатамі СССР, абранымі ад Беларускай ССР Пракурор рэспублікі Г.С. Тарнаўскі ахарактарызаваў бел-чырвона-белы сцяг як «псевдонациональный флаг сомнительного происхождения» (Гл.: Стэнаграма сустрэчы з народнымі дэпутатамі СССР, абранымі ад Беларускай ССР, 20 красавіка 1989 г. // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 968. — Воп. 8. — Спр. 56. — Арк. 56).

Ва ўмовах, калі СССР як нацыянальна-дзяржаўнае ўтварэнне і як суб’ект міжнароднага права імкліва рушыўся, а саюзныя рэспублікі хутка пазбаўляліся ад дзяржаўных сімвалаў савецкага тыпу, перад Беларусссю паўстала пытанне аб новай сімволіцы, у тым ліку і аб сцягу. Пункт 2 артыкула 9 Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі ад 27 ліпеня 1990 г. гарантаваў захванне гістарычнай сімволікі краіны (Гл.: Законы и постановления, принятые первой сессией Верховного Совета БССР двенадцатого созыва, 11-27 июля 1990 г. // Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 968. — Оп. 1. — Д. 2590. — Л. 199). Гаворка, безумоўна, ішла пра бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

У Вярхоўны Савет паступалі розныя варыяцыі сцяга (Гл.: Дадатак 2; Дадатак 3). Аднак беларускія заканадаўцы спынілі свой выбар на бел-чырвона-белым сцягу. Гэты выбар быў абумоўлены таксама пазіцыяй аўтарытэтных структураў, у прыватнасці, Інстытута гісторыі АН Беларусі (Гл.: Дадатак 4) і Аддзялення грамадскіх навук АН Беларусі (Гл.: Дадатак 5), якія 12 верасня 1991 г. далі станоўчыя адказы наконт пытання аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу дзяржаўнага сімвала.

Агульную станоўчую пазіцыю Акадэміі Навук па пытанні надання бел-чырвона-беламу сцягу статусу дзяржаўнага сімвала агучыў яе прэзідэнт У.П. Платонаў, назваўшы ў сваім выступе ў Вярхоўным Савеце 19 верасня 1991 г. гісторыю бел-чырвона-белага сцяга «глубочайшей» (Гл.: Протокол №5, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень №5 пятого заседания внеочередной шестой сессии Верховного Совета БССР двенадцатого созыва от 19 сентября 1991 г. // Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 968. — Оп. 1. — Д. 2967. — Л. 192).

Паводле артыкула 97 Канстытуцыі Беларусі 1978 г. (са змяненнямі і дапаўненнямі 1979 і 1989 гг.) Вярхоўны Савет з’яўляўся вышэйшым і пастаянна дзеючым органам дзяржаўнай улады і мог прыняць да разгляду любое пытанне, якое ўваходзіла ў кампетенцыю рэспублікі.

Пры разглядзе пытання аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу дзяржаўнага сімвала Вярхоўны Савет вытрымаў усе неабходныя юрыдычныя патрабаванні згодна з дзеючым заканадаўствам таго часу. Таму працэдура зацвярджэння бел-чырвона-белага сцяга ў якасці дзяржаўнага сімвала адрозніваецца высокім узроўнем легітымнасці.

Так, артыкул 9 Часовага Рэгламента Вярхоўнага Савета ад 31 мая 1990 г. прадугледжваў, што павестка дня разглядаецца на першым паседжанні Вярхоўнага Савета і зацвярджаецца шляхам адкрытага галасавання большасцю галасоў ад агульнай колькасці дэпутаў, абраных на момант правядзення сессіі. Пытанне аб дзяржаўных сімвалах у павестцы дня першага паседжання нечарговай шостай сессіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання, якая пачала сваю працу 17 верасня 1991 г., фігуравала пад №5. Пры галасаванні 180 дэпутатаў выказаліся за ўнясенне гэтага пытання ў павестку дня. Супраць прагаласавалі 20 дэпутатаў. Устрымаліся 73 дэпутаты. Усяго галасавалі 273 дэпутаты (Гл.: Протокол №1, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень №1 первого заседания внеочередной шестой сессии Верховного Совета БССР двенадцатого созыва от 17 сентября 1991 г. // Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 968. — Оп. 1. — Д. 2963. — Л. 178).

Вярхоўным Саветам былі цалкам вытрыманы патрабаванні Главы IV Часовага Рэгламента аб унясенні праектаў законаў у Вярхоўны Савет і аб іх папярэднім разглядзе ў камісіях Вярхоўнага Савета. У якасці галаўной камісіі, якая ініцыявала праект Закона аб дзяржаўным сцягу, выступіла камісія па адукацыі, культуры і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны на чале з дэпутатам Н.С. Гілевічам. На паседжанні камісіі 16 верасня 1991 г. толькі адзін з яе дзевятнаццаці членаў (З.К. Ломаць) выказаўся супраць надання бел-чырвона-беламу сцягу дзяржаўнага статуса. Прычым сваю пазіцыю З.К. Ломаць патлумачыў тым, што нібыта не ведае матэрыялаў (Гл.: Протоколы №№32-36 заседаний Комисси по образованию, культуре и сохранению исторического наследия, 31 января-18 декабря 1991 г. // Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 968. — Оп. 1. — Д. 4048. — Л. 134).

Праект Закона аб Дзяржаўным сцягу быў разасланы ў дваццаць адну пастаянную камісію Вярхоўнага Савета (Гл.: Протокол №5, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень №5 пятого заседания внеочередной шестой сессии Верховного Совета БССР двенадцатого созыва от 19 сентября 1991 г. // Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 968. — Оп. 1. — Д. 2967. — Л. 153).

Непасрэднае абмеркаванне пытання пра наданне бел-чырвона-беламу сцягу дзяржаўнага статусу пачалося 19 верасня 1991 г. Артыкул 2 Часовага Рэгламента Вярхоўнага Савета прадугледжваў, што праца Вярхоўнага Савета заснавана на калектыўным, вольным абмеркаванні і вырашэнні пытанняў. Пры абмеркаваніі пытання аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу дзяржаўнага сімвала гэты прынцып быў цалкам вытрыманы. Па гэтым пытанні выступілі дэпутаты самых розных палітычных поглядаў: прыхільнікі і праціўнікі бел-чырвона-белага сцяга, у тым ліку і народныя дэпутаты СССР, у прыватнасці Г.С. Таразевіч: « Утверждения историков убедительны, фашисткие пропагандистские службы действовали очень хитро, чтобы завоевать общественное мнение. Положительне решение вопроса покажет, что в Беларуси существует национальное единство, консолидация всех сил, покажет, что наша республика твердо пойлет своим путем и не будет отступать» (Гл.: Протокол №5, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень №5 пятого заседания внеочередной шестой сессии Верховного Совета БССР двенадцатого созыва от 19 сентября 1991 г. // Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 968. — Оп. 1. —Д. 2967. — Л. 165).

19 верасня 1991 г. па пытанні надання бел-чырвона-беламу сцягу статусу дзяржаўнага сімвала рашэннем Вярхоўнага Савета ў адпаведным парадку выступілі наступныя дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі (паводле стэнаграмы паседжання сесіі Вярхоўнага Савета: Гл.: Протокол №5, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень №5 пятого заседания внеочередной шестой сессии Верховного Совета БССР двенадцатого созыва от 19 сентября 1991 г. // Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 968. — Оп. 1. — Д. 2967. — Л. 153-197): Н.С. Гілевіч («за»), А.А. Трусаў («за»), В.І. Сарокін («супраць»), У.Д. Курбаеў («за»), П.П. Пракаповіч («супраць»; выказаў думку наконт таго, каб пытанне аб Дзяржаўным сцягу вырашалася шляхам рэферэндуму: «Надо разобраться без спешки, посадить ученых под одну крышу, может, надо референдум»), В.Ф. Голубеў («за»), М.Дз. Жукоўскі («супраць»), А.У. Лябедзька («за»), М.К. Сапранецкі («супраць»; выказаў думку наконт таго, каб пытанне аб Дзяржаўным сцягу вырашалася шляхам рэферэндуму), Я.А. Цумараў («за»), Дз.П. Булахаў («за»; заявіў, што гісторыя Беларусі пачынаецца не з 1917 г.), А.І. Вярцінскі («за»), М.А. Слямнёў («за»), А.Р. Лукашэнка («супраць»; прапанаваў вырашыць пытанне аб дзяржаўных сімвалах шляхам прыняцця новай Канстытуцыі: «Не надо этот вопрос решать наскоком, есть еще время. Если вам будет трудно понять меня, считайте, что я до этих проблем не дорос. Не лучше ли увязать этот вопрос о флаге и гербе с проблемами Конституции и не надо никаких референдумов. Не надо терять политический нюх»), В.А. Малашка («за»), У.М. Грыбанаў («за»), М.А. Марыніч («супраць»; прапанаваў правесці конкрус на эскіз Дзяржаўнага сцяга); М.І. Дземянцей («супраць»; выказаў думку наконт таго, каб пытанне аб Дзяржаўным сцягу вырашалася шляхам рэферэндуму); У.В. Кавалёнак («за»; зачытаў тэлеграму родных народнага народнага паэта Я. Коласа ў падтрымку бел-чырвона-белага сцяга).

У выніку вострых дыскусій дэпутаты па прапанове міністэрства юстыцыі (у асобе намесніка міністра В.В. Падгрушы) істотна перарабілі Раздзел IX Канстытуцыі Беларусі 1978 г. (са змяненнямі і дапаўненнямі 1979 і 1989 гг.). У прыватнасці, артыкулы 168 і 169, якія тычыліся падрабязнага апісання Дзяржаўнага сцяга і памінання пра Дзяржаўны гімн адпаведна, былі скасаваны. Артыкул 167, у якім давалася апісанне Дзяржаўнага сцяга часоў БССР, гучаў наступным чынам: «Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн. Дзяржаўныя сцяг, герб і гімн устанаўліваюцца законам». Каб зацвердзціць такія змены, трэба было набраць (паводле артыкула 172 гэтай Канстытуцыі) не меней двух трацін галасоў ад агульнай колькасці дэпутатаў. Іншымі словамі, было трэба, каб за гэтыя змены прагаласаваў не менш чым 231 дэпутат. Такая мэта была паспяхова дасягнута. Па пытанні ўнясення зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю (змена артыкула 167 і скасаванне артыкулаў 168 і 169 Канстытуцыі Беларусі 1978 г.) з 236 дэпутатаў, што прынялі ўдзел у галасаванні, «за» прагаласаваў 231 дэпутат, супраць — 1. Устрымаліся 4 дэпутаты (Гл.: Протокол №6, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень №6 шестого заседания внеочередной шестой сессии Верховного Совета БССР двенадцатого созыва от 19 сентября 1991 г. // Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 968. — Оп. 1. — Д. 2968. — Л. 80). На заўвагу дэпутата А.Я. Кузмянкова аб тым, ці правамерна выключаць апісанне Дзяржаўнага сцяга з Канстытуцыі, Дз.П. Булахаў адказаў станоўча, бо ў большасці краіны, казаў Дз.П. Булахаў, ідуць шляхам апісання сваіх дзяржаўных сімвалаў у фармаце закона (Гл.: Протокол №6, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень №6 шестого заседания внеочередной шестой сессии Верховного Совета БССР двенадцатого созыва от 19 сентября 1991 г. // Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 968. — Оп. 1. — Д. 2968. — Л. 78).

Пасля ўнясенняў зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю Закон аб Дзяржаўным сцягу можна было прымаць (на падставе пункта 25 Канстытуцыі Беларусі 1978 г.) большасцю галасоў ад агульнай колькасці дэпутатаў. У выніку з 220 дэпутатаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні праект Закона аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь, які ўтрымліваў падрабязнае апісанне бел-чырвона-белага палотнішча, 214 прагаласавалі «за» (пры неабходным кворуме ў 174 галасы), 2 — супраць і яшчэ 4 ўстрымаліся (Гл.: Протокол №6, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень №6 шестого заседания внеочередной шестой сессии Верховного Совета БССР двенадцатого созыва от 19 сентября 1991 г. // Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 968. — Оп. 1. — Д. 2968. — Л. 81). У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца адпаведны арыгінальны нарматыўна-прававы акт (Гл.: Дадатак 6), падпісаны старшынёй Вярхоўнага Савета Беларусі С.С. Шушкевічам.

Аб высокай палітычнай культуры шэрагу дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання сведчыць прапанова І.М. Герасюка здаць Дзяржаўны сцяг БССР, што вісеў у залі паседжанняў Вярхоўнага Савета, у музей (Гл.: Протокол №6, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень №6 шестого заседания внеочередной шестой сессии Верховного Совета БССР двенадцатого созыва от 19 сентября 1991 г. // Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 968. — Оп. 1. — Д. 2968. — Л. 81).

Пасля зацвярджэння бел-чырвона-белага сцяга ў якасці дзяржаўнага сімвала пачалася распрацоўка Палажэння аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь. Праект Палажэння падрыхтавала камісія пад кіраўніцтвам Н.С. Гілевіча. Сам праект быў ухвалены камісіяй 15 кастрычніка 1991 г. (Гл.: Протоколы №№32-36 заседаний Комисси Верховного Совета Республики Беларусь по образованию, культуре и сохранению исторического наследия, 31 января-18 декабря 1991 г. // Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 968. — Оп. 1. — Д. 4048. — Л. 155).

У матэрыялах камісіі захваліся эскізы графічных элементаў Дзяржаўнага сцяга (Гл.: Дадатак 7; Дадатак 8; Дадатак 9).

Палажэнне аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь было зацверджана Вярхоўным Саветам 11 снежня 1991 г. З 224 дэпутатаў, якія прынялі ўдзел ў галасаванні, Палажэнне падтрымаў 171 парламентарый. Супраць прагаласавалі 12 дэпутатаў, 41 дэпутат устрымаўся (Гл.: Протокол №37, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень №37 тридцать седьмого заседания седьмой сессии Верховного Совета Республики Беларусь двенадцатого созыва от 11 декабря 1991 г. // НА РБ. — Ф. 968. — Оп. 1. — Д. 3012. — Л. 205).

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца арыгінальны адпаведны нарматыўна-прававы акт (Гл.: Дадатак 10), падпісаны старшынёй Вярхоўнага Савета Беларусі С.С. Шушкевічам.

19 сакавіка 1992 г. Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь была выдадзена пастанова №145 «Аб правілах выкарыстання Палажэння аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Бедарусь» (Гл.: Збор пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь. — 1992. — №9. — Арт. 135).

Уплыў на развіцё краіны

Пад бел-чырвона-белым сцягам ў перыяд 1991-1994 гг. закладваўся палітычны, эканамічны, вайсковы, навуковы і культурны падмурак незалежнай Беларусі. Калі ўзяць вышэйшы — Вярхоўны Савет — орган дзяржаўнай улады, то толькі за няпоўныя два гады з пачатку сваёй дзейнасці Вярхоўны Савет прыняў 119 законаў і 543 пастановы (Гл.: Протокол №24, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень №24 двадцать четвертого заседания девятой сессии Верховного Совета БССР двенадцатого созыва от 7 апреля 1992 г. // Национальный архив Республики Беларусь. – Ф. 968. – Оп. 1. – Д. 3066. – Л. 151). Па словах Старшыні Вярхоўнага Савета М.І. Грыба, які 2 лютага 1995 г. выступіў са справаздачай аб пяцігадовай дзейнасці парламента, дэпутаты зацвердзілі 351 закон і 1220 пастаноў (Гл.: Протокол № 70, протоколы регистрации и голосования, стенограмма, бюллетень №70 семидесятого заседания шестнадцатой сессии Верховного Совета Республики Беларусь двенадцатого созыва от 2 февраля 1995 г. // Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 968. — Оп. 1. — Д. 3406. — Л. 103). Галоўным заканадаўчым актам, безумоўна, стала Канстытуцыя 15 сакавіка 1994 г.

Пад бел-чырвона-белым сцягам краіна ўпэўнена выходзіла на міжнародную арэну. Дастаткова згадаць, што пад Беларусь пад бел-чырвона-белым сцягам ў асобе старшыні Вярхоўнага Савета С.С. Шушкевіча і старшыні Савета Міністраў В.Ф. Кебіча 8 снежня 1991 г. падпісала паганенне аб роспуску СССР як геапалітычнай рэальнасці і суб’екта міжнароднага права (Гл.: Соглашение о создании Содружества Независимых Государств // Содружество. Информационный вестник Совета глав государств и правительств. – 1992. – №1. – С. 5-8).

Аднымі з першых крокаў сталі ратыфікацыя Беларуссю 10 студзеня 1992 г. без усялякіх агаворак Факультатыўнага пратакола Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (Гл.: О ратификации Факультативного протокола к Международному пакту о гражданских и политических правах от 16 декабря 1966 года о признании компетенции Комитета по правам человека в соответствии со статьей 41 настоящего Пакта: постановление Верховного Совета Республики Беларусь, 10 января 1992 г., №23 // Ведомости Верховного Совета Республики Беларусь. — 1992. — №5. — Ст. 84) і падпісанне Беларуссю ў лютым 1992 г. Заключнага Хельсінскага акта (Гл.: Гуртовенко Ю. Беларусь солировала в Хельсинки // Советская Белоруссия. — 1992. — 29 февраля. — С. 1).

4 лютага 1993 г. Вярхоўны Савет ратыфікаваў Дагавор паміж СССР і ЗША ад 31 ліпеня 1991 г. аб скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраеннняў (Гл.: Апазіцыя Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання. Дакументы, факты, каментары / А.В. Кур’яновіч (укл.). — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — С. 549). Такім чынам Беларусь стала бяз’ядзернай краінай.

Пад бел-чырвона-белым сцягам 20 ліпеня 1994 г. даваў прысягу першы прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Г. Лукашэнка, г.зн. вытрымліваецца падпункт 1.3. артыкула 92 Кодэкса (нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці «непасрэдна звязаны з жыццём і дзейнасцю знакамітых асоб, гістарычнымі падзеямі»).

Увогуле за гады існавання бел-чырвона-белага сцяга ў якасці дзяржаўнага сімвала Рэспублікі Беларусь у краіне сфарміравалася пэўная частка грамадства, якая толькі з ім звязвае нацыянальна-дзяржаўную і культурную будучыню Беларусі. Пра гэта часткова сведчасць архіўныя матэрыялы (Гл.: Предложения, обращения, письма, телеграммы общественных объединений, организаций, учреждений, граждан, поступившие в Верховный Совет Республики Беларусь в поддержку и против: государственной символики (бело-красно-белый флаг и герб «Погоня»), изменения названия столицы Беларуси, государственного гимна Республики Беларусь, 11 сентября 1991-17 ноября 1993 гг. // Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 986. — Оп. 1. — Д. 4064).

Па выніках агульнарэспубліканскага рэферэндуму 14 мая 1995 г. (пытанне па змене дзяржаўнай сімволікі стаяла пад №2) з 3622851 грамадзян, што прынялі ўдзел у галасаванні па пытанні сімволікі, супраць яе змены выказаліся 988839 чалавек (20,5%). Гэты паказчык быў вышэйшы, бо супраць астатнік трох пытанняў наконт дзяржаўнасці беларускай і рускай моваў, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і права кіраўніка дзяржавы распускаць Вярхоўны Савет адпаведныя паказчыкі складалі 12,7%, 12,5% і 17,8%. Да таго ж колькасць тых, хто прыняў удзел у галасаванні па пытанні новай сімволікі, была найменьшай (ад 7445820 чалавек, уключаных у спісы яна склала 75,1%). Па першым пытанні прагаласавалі 4017273 чалавекі, або 83,3%, па трэцім — 4020001 чалавек, або 83,3%, па чацвёртым — 3749266 чалавек, або 77,7% (Гл.: Паведамленне Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў аб выніках галасавання на рэспубліканскім рэферэндуме 14 мая 1995 г., 22 мая 1995 г. // Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. — 1995. — № 22-23. — Арт. 332).

Такім чынам, на падставе часткі 2 пункта 2 артыкула 90 Кодэкса («прапановы аб наданні нематэрыяльным культурным каштоўнасцям статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ўносяцца ў пісьмовай форме ў Міністэрства культуры») просьба разгледзціць пытанне аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Паводле падпункта 3.1. артыкула 96 Кодэкса просьба разледзіць пытанне аб прысваенні бел-чырвона-беламу сцягу як нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці катэгорыі «А» (гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, поўная аўтэнтычнасць i дакладнасць якiх безумоўныя i нязменныя).

ДРУГОЕ ПЫТАННЕ

Падпункт 2.2. артыкула 67 Кодэкса вызначае рухомыя матэрыяльныя культурныя каштоўнасцi, перамяшчэнне якiх не вядзе да страты iмі гiстарычнага, мастацкага, навуковага або iншага значэння. Да такой катэгорыі дакладна падыходзіць бел-чырвона-белы сцяг.

Як вынікае з адказу дырэкцыі Нацыянальнага гістарычнага музея, у яго фондах захоўваецца Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь узору 1991-1995 гг. (Гл.: Дадатак 11). Просьба да міністэрства культуры высветліць, якое палотнішча захоўваецца ў фондах музея: ці гэта непасрэдна тое палотнішча, якое якое выконвала ролю Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь у 1991-1995 г., ці гэта, сцяг, які быў перададзены на захоўванне фізічнай, юрыдычнай асобой, альбо грамадскім аб’яднаннем, палітычнай партыяй? У выпадку, калі дадзены экспанат з’яўляецца арыгінальным палотнішчам узору 1991-1995 гг., просьба растлумачыць парадак доступу да яго і навуковай працы з ім.

ТРЭЦЯЕ ПЫТАННЕ

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца эталон сучаснага Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь (Ф. 1436) у каляровым варыянце (Гл.: Фонды Национального архива Республики Беларусь. Краткий справочник. — Минск: Нац. Архив Респ.Беларусь, 2012. — С. 24).

Ці можа Міністэрства культуры садзейнічаць стварэнню каляровага эталона Дзяржаўнага (бел-чырвона-белага) сцяга Рэспулікі Беларусь узору 1991-1995 гг. з мэтай далейшай яго перадачы на пастаяннае захаванне ў дзяржаўныя архіўныя і музейныя ўстановы.

А.В. Кур’яновіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт

Читать далее: