PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №1170
13 ноября 2017

Ушанаваць памяць пра Беларускую Народную Рэспубліку да 100-годдзя яе абвяшчэння!

Ушанаваць памяць пра Беларускую Народную Рэспубліку напярэдадні 100-годдзя з дня абвяшчэння яе незалежнасці, якое будзе адзначацца 25 сакавіка 2018 года.
ответ
получен

Адресаты:

Текущий статус обращения:

Мы, народ Беларусі, выступаем з ініцыятывай ушанаваць памяць пра Беларускую Народную Рэспубліку напярэдададні 100-годдзя з дня абвяшчэння яе незалежнасці, якое будзе адзначацца 25 сакавіка 2018 года.

Беларуская Народная Рэспубліка з'яўляецца першай гістарычнай спробай стварэння беларускай дзяржаўнасці ў XX ст. БНР узнікла ў цяжкіх замежнапалітычных умовах, калі тэрыторыя Беларусі была акупавана нямецкімі войскамі, усе суседнія дзяржавы прэтэндавалі на беларускія тэрыторыі і не з'яўляліся прыхільнікамі стварэння незалежнай беларускай дзяржавы. Праз слабасць нацыянальнага руху і адсутнасць міжнароднай падтрымкі БНР не змагла канчаткова рэалізаваць свае задумы, аднак ідэя стварэння незалежнай дзяржавы пад сцягам самавызначэння беларускага народа сама па сабе мела прагрэсіўную скіраванасць і адказвала духу часу. Менавіта гэта ідэя паклала пачатак гісторыі дзяржаўнасці і дыпламатыі сучаснай Беларусі.

Павага і ўвага да сваёй гісторыі з'яўляюцца неад'емнай часткай моцнай нацыі і дзяржавы, таму прапаноўваем ушанаваць памяць пра Беларускую Народную Рэспубліку, устанавіўшы на будынках, якія звязаныя з яе дзейнасцю, памятныя дошкі і бела-чырвона-белыя сцягі (дзяржаўны сцяг БНР):

* На будынку былога Мінскага гарадскога тэатра (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, вул. Энгельса, 7), дзе ў перыяд 5—17 снежня 1917 года Вялікай беларускай радай быў праведзены Першы Усебеларускі кангрэс, прадстаўнічы сход беларускага народа;

* На былым Доме губернатара (цяпер Рэспубліканскі музычны каледж, пл. Свабоды, 7), дзе 21 лютага 1918 года Рада Усебеларускага з'езда прыняла першую Устаўную грамату да народаў Беларусі, у якой заклікала беларускі народ здзейсніць сваё права на «поўнае самавызначэнне», а нацыянальныя меншасці — на нацыянальна-персанальную аўтаномію;

* На доме Маліна (вул. Валадарскага, 9), дзе 24 сакавіка 1918 года ў кабінеце старшыні Народнага сакратарыята Язэпа Варонкі пачалося пасяджэнне Рады БНР, якое закончылася 25 сакавіка прыняццем Трэцяй Устаўной граматы, якая абвясціла Беларусь вольнай і незалежнай дзяржавай;

* На доме Воліна (вул. Валадарскага, 12), у якім з 25 лютага 1918 года працавала Беларускае народнае прадстаўніцтва на чале з Раманам Скірмунтам;

* На Юбілейным доме (пр. Незалежнасці, 26), у якім з 17 жніўня 1918 года засядала Рада БНР (усе ў Мінску);

* На доме купца Мураўёва ў Гродне (пл. Савецкая, 2), у якім засядала Рада БНР пасля ад'езду з Мінска.

* На будынку былога акруговага суда ў Магілёве (цяпер Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, пл. Славы, 1), дзе 12 ліпеня 1918 на сходзе, які адбыўся з ініцыятывы Магілёўскага нацыянальнага камітэта, прадстаўнікі грамадскасці Магілёва прызналі ў горадзе ўладу БНР.

Варта адзначыць, што для будынка па вуліцы Валадарскага, 9, дзе была абвешчаная БНР, ужо існуе памятная дошка, выкананая вядомым беларускім скульптарам Алесем Шатэрнікам яшчэ ў 1990-я гады, таму было б справядліва ўсталяваць менавіта яе.

Яшчэ адным перспектыўным напрамкам па ўшанаванні Беларускай Народнай Рэспублікі маглі б стаць аб'екты, звязаныя з беларускімі дыпламатычнымі місіямі, так, напрыклад, у 2009 годзе ў Таліне была адкрыта памятная дошкана будынку, дзе размяшчалася Вайскова-дыпламатычная місія БНР у Эстоніі.

Читать далее: