PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №2441
14 апреля 2019

У падтрымку беларускай мовы ў Расіі

Колькасць расіянаў, якія валодаюць беларускай мовай, скарацілася з 317 тысяч ў 2002 годзе да 174 тысяч у 2010 годзе. Беларуская мова ў Расіі патрабуе падтрымкі і развіцця.
ответ
получен

Адресат:

Текущий статус обращения:

Міністру культуры Рэспублікі Беларусь

Ю. П. Бондару

Паважаны Юрый Паўлавіч!

12 красавіка міністр культуры Расійскай Федэрацыі Уладзімір Мядзінскі звярнуўся да вас з просьбай надаць асаблівую ўвагу абароне рускай мовы ў Беларусі. Просім Вас, у сваю чаргу, заахвоціць улады Расіі падтрымаць беларускую мову ў сваёй краіне.

Беларуская супольнасць у Расіі мае шматвекавую гісторыю. Выхадцы з Беларусі зрабілі неацэнны ўнёсак у развіццё рускай культуры. Напрыклад, менавіта беларускія майстры вырабілі іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра і славутую «Цар-гармату». Славутыя асветнікі Сімяон Полацкі, Пётр Мсціславец і, магчыма, Іван Фёдараў паходзяць з Беларусі. Беларускія карані мелі Фёдар Дастаеўскі, Дзмітрый Шастаковіч, Васіль Качалаў, Аляксандр Твардоўскі, Яўген Еўтушэнка і многія іншыя дзеячы расійскай культуры.

У 1920-ыя гады беларусы РСФСР атрымалі магчымасць развіваць уласную культуру і мову, у беларускіх этнічных рэгіёнах пашырылася сетка беларускіх школаў. У пачатку дваццатых гадоў толькі ў адной Сібіры быў створаны 71 беларускі сельсавет. Пазней было ўтворана некалькі беларускіх раёнаў. Але ў сярэдзіне 30-ых усе беларускія аўтаноміі ў РСФСР былі ліквідаваныя.

Паводле перапісу насельніцтва 2010 года, у Расійскай Федэрацыі жыве больш за 521 тысячу беларусаў. Беларуская мова з’яўляецца аўтахтоннай у некалькіх заходніх абласцях Расіі. У краіне дзейнічаюць многія дзясяткі беларускіх нацыянальна-культурных аўтаномій, грамадскіх аб’яднанняў і творчых калектываў.

Колькасць расіянаў, якія валодаюць беларускай мовай, скарачаецца. Зараз іх 174 тысячы, а ў 2002 годзе было 317 тысяч. Беларуская мова вывучаецца толькі ў некалькіх расійскіх універсітэтах, а беларускіх школ, па ўсёй верагоднасці, не існуе. Пры гэтым, паводле паведамленняў СМІ, у Расіі існуе попыт на вывучэнне нашай мовы.

Паводле артыкула 13 “Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь”, Міністэрства культуры арганізуе міжнароднае супрацоўніцтва.

Паводле артыкула 34 “Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, Рэспублiка Беларусь на аснове пагадненняў з iншымi дзяржавамi садзейнiчае нацыянальна-культурнаму развiццю этнiчных беларусаў, якiя жывуць у гэтых дзяржавах.

У адпаведнасці з артыкулам 18 Закона Рэспублікі Беларусь ад 16 чэрвеня 2014 года №162-3 “Аб беларусах замежжа”, дзяржаўная палітыка ў галіне адносін з беларусамі замежжа павінна спрыяць стварэнню ўмоў для вывучэння беларусамі замежжа беларускай мовы, нацыянальнай гісторыі і культуры.

Адпаведна, мы просім вас звярнуцца да міністраў культуры і адукацыі Расійскай Федэрацыі, да прэзідэнта гэтай краіны ды іншых прадстаўнікоў выканаўчай і заканадаўчай улады з прапановай надаць асаблівую ўвагу абароне, падтрымцы і развіццю беларускай мовы ў Расіі.

У прыватнасці, мы просім вас прапанаваць стварыць, зацвердзіць і прыступіць да рэалізацыі федэральнай мэтавай праграмы захавання, вывучэння і развіцця беларускай мовы ў Расійскай Федэрацыі. Такія праграмы прадугледжаны артыкулам 7 Закона Расійскай Федэрацыі ад 25.10.1991 №1807-1 “Аб мовах народаў Расійскай Федэрацыі”. У адпаведнасці з азначаным законам, праграма павінна спрыяць выданню літаратуры на беларускай мове і фінансаванню навуковых даследаванняў, ствараць умовы для распаўсюду беларускай мовы ў СМІ, удасканаліць сістэму адукацыі дзеля развіцця мовы і г.д. У межах праграмы варта адкрыць у Расіі школы з выкладаннем на беларускай мове і школы, дзе яна б выкладалася як прадмет. Таксама варта пашырыць сетку цэнтраў беларускай мовы і культуры і павялічыць колькасць ВНУ, дзе выкладаецца беларуская мова; заснаваць сродкі масавай інфармацыі на беларускай мове; павялічыць колькасць выданняў на ёй.

Просім вас прапанаваць у максімальным аб’ёме выкарыстоўваць беларускую мову ў дзейнасці прадстаўніцтваў Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з артыкулам 26 Закона Расійскай Федэрацыі “Аб мовах народаў Расійскай Федэрацыі”.

Мы таксама просім вас унесці прапанову аб тым, каб суб’екты Расійскай Федэрацыі, дзе кампактна прыжываюць беларусы, афармлялі надпісы, дарожныя і іншыя ўказальнікі ў тым ліку і на беларускай мове, што будзе адпавядаць пункту 2 артыкула 23 Закона Расійскай Федэрацыі “Аб мовах народаў Расійскай Федэрацыі”.

Унясенне вамі азначаных вышэй прапаноў узмоцніць сяброўства паміж дзьвума краінамі.

Читать далее: