PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №2964
29 сентября 2019

Акт аднаўлення гістарычнай справядлівасці 22.11.2019: мемарыяльная дошка БНР

Урачыстае адкрыццё ў Мінску мемарыяльнай дошкі ў гонар абвяшчэння 25 сакавіка 1918 г. незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў лiстападзе 2019 г.
ответ
получен

Адресаты:

Текущий статус обращения:

Паводле афіцыйнага паведамлення Ўраду Літоўскай Рэспублікі пахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага мае прайсці ў Вільні 22 лістапада, дзе яны будуць урачыста пахаваныя ў капліцы на старажытных могілках Росы (рэжым доступа: https://ru.delfi.lt/news/live/najdennye-na-gore-gediminasa-povstancy-budut-zahoroneny-22-noyabrya.d?id=82359085).

К. Каліноўскі — гэта чалавек, які сцвердзіў беларускую нацыю. Да яго шляхта, якая змагалася за свабоду, змагалася за свабоду Рэчы Паспалітай. У іх не было нацыянальнай ідэі, яны змагаліся на польскай мове. К. Каліноўскі адлюстраваў нацыянальную ідэю для інтэлігенцыі, якая за мову і за адраджэнне Беларусі.

У гісторыю увайшоў пароль паўстанцаў 1863-1864:

«— Каго любіш?

— Люблю Беларусь!

— Дык узаемна».

Ідэалы К.Каліноўскага знайшлі сваё увасабленне ў Акце 25 сакавіка 1918 г.: К. Каліноўскі сцвердзіў беларускую нацыю ў 1863 г., Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвясціла яе Незалежнасць у 1918 г.

Актам аднаўлення гістарычнай справядлівасці 22.11.2019 стане ўрачыстае пахаванне ў Вільне ўдзячнымі нашчадкамі парэшткаў паўстанцаў, што аддалі ў 1864 г. сваё жыццё, каб жыла іх Бацькаўшчына.

Актам аднаўлення гістарычнай справядлівасці 22.11.2019, лiчым, мусіць стаць ўрачыстае адкрыццё ў Мінску на доме па адрасе вул.Валадарскага, д. 9 мемарыяльный дошкі ў гонар абвяшчэння 25 сакавіка 1918 г. незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

У межах Дзяржаўнаўнай праграмы навуковых даследванняў «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства» на 2016-2020 гг. (то бок маем самае актуальнае даследванне) Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі была выдадзена кніга «Беларуская Народная Рэспубліка - крок да незалежнасці» (Мн.: «Беларуская навука», 2018). Аўтарамі кнігі выступаюць:

• Аляксандр Аляксандравіч Каваленя - Член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар гістарычых навук, прафесар (з 2004 — в.а. дырэктара, у 2005—2010 — дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі);

• Данiловіч Вячаслаў Вiктаравiч - кандыдат гістарычых навук, дацэнт (з 2010 — в.а. дырэктара, з 2011 — дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі);

• Мазец Валянцін Генрыхавіч - кандыдат гістарычных навук, дацэнт (з 2016 вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі);

• Траццяк Сяргей Аляксандравіч - кандыдат гістарычных навук, дацэнт (з 2016 загадчык аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі).

У сваіх навуковых ацэнках падзеі абвяшчэння незалежнасці БНР вядучыя асобы афіцыйнай гістарычнай навукі Беларусі не пакідаюць ніякіх двухсэнсоўнасцяў або поля для магчымых інтэпрэтацый, усё сфармулявана імі крыштальна дакладна і канкрэтна:

(далей - цытата з Уводзінаў да згаданага вышэй афіцыйнага выдання Інстытута гісторыі НАН Беларусі)

«25 сакавіка 1918 г. адбылося абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта была не толькі знакавая грамадска-палітычная падзея ў гісторыі беларускага народа, але і яскравае сведчанне таго, што сфармуляваная яшчэ ў ХІХ стагоддзі беларуская нацыянальная ідэя атрымала практычную падтрымку нацыянальнай эліты і значнай часткі народа, стала пачаткам будаўніцтва незалежнай нацыянальнай дзяржавы.»;

(далей - цытата з Заключэння, якое падводзіць вынікі гэтага 127-старонкавага даследвання)

«Абвяшчэнне БНР сведчыла, што ў беларусаў сфармавалася палітычная эліта, якая не толькі здолела выпрацаваць ідэю беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, але і разгарнула актыўную дзейнасць па яе рэалізацыі на практыцы. Больш за тое, абвяшчэнне нацынальна-дзяржаўнай незалежнасці стала важнай палітынай падзеяй у гісторыі беларускага народа. Менавіта гэты вопыт быў выкарыстаны ў перыяд заснавання Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і будаўніцтва суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Нягледзячы на ўсе складанасці [...] лідарамі БНР былі зроблены першыя практычныя крокі па арганізацыі гандлю, распрацаваны комплекс мер, накіраваных на стварэнне ўласнай фінансава-крэдытнай сістэмы. Народным Сакратарыятам праводзілася рэгістрацыя беларускіх грамадзян, якім выдаваліся адпаведным пасведчанні, а з лета 1918 г. быў уведзены агульнаграмадзянскі пашпарт БНР. Былі прыняты атрыбуты дзяржаўнасці: герб, сцяг, дзяржаўная пячатка. Найбольш значных поспехаў Народны Сакратарыят дасягнуў у галіне культурна-асветніцкай дзейнасці. Немалаважным з'яўляецца і тое, што ў грамадскай свядомасці паступова замацоўвалася ідэя беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці і незалежнасці.

Упершыню за ўсю гісторыю беларускага народа былі зроблены канкрэтныя крокі па стварэнні незалежнай дзяржавы».

Варта звярнуць асаблівую ўвагу на апошні працытаваны сказ, у ім - квінтэсэнцыя значнасці падзеі 25 сакавіка 1918 г.: «Упершыню за ўсю гісторыю беларускага народа былі зроблены канкрэтныя крокі па стварэнні незалежнай дзяржавы».

Як бачна, мы маем адзінства навуковай і грамадскай думкі ў ацэнцы значнасці і станоўчай каштоўнасці падзеі 25 сакавіка 1918 г. для сучаснасці. Сведчанні першай прыведзены вышэй, сведчаннем другой з'яўляюцца, па нашым дадзеным, тысячы подпісаў пад калектыўнымі і сотні пад індывідуальнымі зваротамі грамадзян.

Зыходзячы са сказанага вышэй, мы, падпісанты гэтага зварота, просім

22.11.2019 ўрачыста адкрыць ў Мінску на доме па адрасе вул.Валадарскага, д. 9 мемарыяльную дошкі ў гонар абвяшчэння 25 сакавіка 1918 г. незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Адказ пра прынятыя меры па сутнасці зварота просім даць у электроннай і пісьмовай форме ў вызначаны законам “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” тэрмін.

Читать далее: