PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №3716
23 марта 2020

Аб пашырэнні навучанню беларускай мове ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусі

Імклівы рост негатыўнага стаўлення беларускіх грамадзян да факта існавання беларускай мовы ў беларускай сферы навучання
ответ
получен

Адресат:

Текущий статус обращения:

Паважаны Ігар Васільевіч!

Апошнім часам з боку бацькоў і іншых прадстаўнікоў грамадства Рэспублікі Беларусі назіраецца масавае змаганне за пераход беларускамоўных школ на рускую мову, а таксама паднімаецца пытанне мэтазгоднасці вывучэння беларускай мовы ў рускамоўных школах Беларусі.

Так, з 1 верасня 2019 беларускамоўная гімназія ў г. Дзяржынску планавала паступова пераходзіць на рускую форму навучання па просьбах бацькоў. Адной з прычын, на якую звярталі ўвагу бацькі навучэнцаў : "Што многія выпускнікі беларускамоўнай гімназіі пасля паступлення ў тэхнічныя ВНУ сутыкаюцца з праблемай тэрміналогіі, бо ва ўніверсітэтах навучанне вядзецца выключна на рускай мове. https://nn.by/?c=ar&i=239639" .

Таксама з наступнага навучальнага году беларускамоўная школа ў Ракаве плануе перайсці на частковае навучанне па-руску, бо бацькі вучняў лічаць, што іх дзеці павінны навучацца на роднай для іх рускай мове. Вось цытата адной з актывістак: "«Для майго дзіцяці руская мова з’яўляецца роднай. І ў нас ёсць права, дадзенае нам прэзідэнтам Беларусі, навучацца на рускай мове. На нашай роднай мове. Калі б мы былі татары, то мы б навучаліся на татарскай мове

https://nn.by/?c=ar&i=243027 " . Разам з тым, варта адзначыць, што дзеці з беларускамоўных школ не маюць магчымасці атрымаць паўнавартасную вышэйшую адукацыю па-беларуску па абсалютнай колькасці спецыяльнасцяў у ВНУ Беларусі.

Найбольш паказальнай пазіцыяй з'яўляецца выступленне вашай калегі-педагога са сферы адукацыі з ДЮСШ Клімавіцкага раёна. Яна падняла балючыя з яе пункту гледжання пытанні аб мэтазгоднасці вывучэння беларускай мовы ў школах: "«Навошта рабіць нашых дзяцей яшчэ больш тупымі, бо яны праз беларускую не могуць вывучыць рускую мову <…> Мова ж працягвае нам пудрыць мазгі да 11 класа. Дзіцяці трэба пераказаць тэкст, а ён не запамінае гэтых дэбільных словаў… Я нават не хачу, каб ён іх вучыў, каб забіваў сваю галаву гэтымі непатрэбнымі абсалютна словамі. Калі з глыбінкі дзеці прыязджаюць з малпавым, калгасным акцэнтам, гэта перашкаджае ім!» — шкадуючы, што ў яе няма «прыгожага маскоўскага акцэнту», а людзям «цяжка слухаць каравае беларускае маўленне».

https://nn.by/?c=ar&i=248424 І г.д.

Таксама перыядычна ў розных пабліках папулярных сацыяльных сетак з'яўляюцца апытанкі, дзе бацькі даволі негатыўна ставяцца да вывучэння беларускай мовы ў школах: лічаць больш карысным вывучаць англійскую мову, праграмаванне і г.д., засяроджваючы ізноў ўвагу на тым, што акрамя сярэдняй школы, беларуская мова амаль не вывучаецца ў ВНУ, а таксама амаль не выкарыстоўваецца ў эканоміцы ды гаспадарцы Беларусі (глядзіце скрыншот).

Адным з фактарам, які ўплывае на катэгарычнае непрыняцце шматлікімі грамадзянамі беларускай мовы, з'яўляецца імклівае скарачэнне колькасці вучняў, якія навучаюцца на беларускай мове. Так, з 2012 г. колькасць вучняў, якія вывучаліся па-беларуску, скарацілася з 16,6% да 11,1% (на 2018 год).

Беларускамоўныя школы ў такой сітуацыі фактычна перасталі быць гарантам захавання беларускай мовы, а ВНУ, дзе колькасць студэнтаў, якія навучаюцца па-беларуску не перавышае статыстычную пагрэшнасць (каля 0,1%), увогуле не з'яўляюцца месцам, дзе беларускія грамадзяне ў стане захаваць валоданне і веданне беларускай мовы, атрыманай ў сярэдняй школе.

У мэтах выканання задач і мэт, агучаных у п. 48 Пастанаўлення Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусі "О концепции национальной безопасности Республики Беларусь" "Белорусский язык, наряду с конституционно закрепленным в государстве двуязычием, содействует повышению национального самосознания белорусского общества и формированию его духовности", улічваючы вышэйпералічаныя прыклады масавага негатыўнага стаўлення і розгаласу ў адносінах да факту навучання дзяцей у беларускамоўных школах, факту вывучэння беларускай мовы ў рускамоўных школах з прычыны дрэннага разумення беларускай мовы, кепскай вуснай падтрыхтоўкі і вуснага маўлення просім:

1. Распрацаваць і увесці азнаямленне з беларускай мовай у дашкольных установах.

2. Вывучаць у пачатковых класах рускамоўных школ беларускую мову не па методыцы роднай мовы, а па методыцы замежнай мовы з максімальна лаяльнай ацэнкай ведаў. Гэта пазбавіць негатыўнай рэакцыі з боку бацькоў, якія лічаць роднай мовай сваіх дзяцей рускую (а гэта пераважная, абсалютная большасць беларускіх дзяцей).

3. Вярнуць абавязковае вывучэнне гісторыі Беларусі (а пажадана і геаграфіі Беларусі) на беларускай мове ва ўсіх установах сярэдняй і вышэйшых установах адукацыі. Дзякуючы гэтаму, беларускія школьнікі і студэнты пазнаёмяцца з дадатковым пластам беларускай лексікі, на адсутнасць якой у размоўный і інфармацыйнай наракаюць шматлікія бацькі , а таксама замацуюць вусныя навыкі маўлення.

4. Увесці са старэйшых класаў у праграме беларускай мовы дадатковыя ўрокі, якія пазнаёмяць вучняў рускамоўных школ Беларусі з прафесійна-спецыяльнай, навуковай беларускай лексікай.

5. Пашырыць выкарыстанне беларускай мовы ва ўніверсітэтах (перавесці на яе магчымыя гуманітарныя прадметы, пашырыць аб'ем курса "Беларуская мова. Прафесійная лексіка").

6. Пераглядзець якасны склад прадмета "Беларуская літаратура", дадаць туды творы сучасных папулярных беларускамоўных аўтараў, пашырыць колькасць твораў замежных аўтараў па-беларуску.

7. Іншыя захады на погляд Міністэрства адукацыі, якія забяспечаць пазітыўны погляд грамадзян на неабходнасць і патрэбнасць беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь.

Читать далее: