Культура, отдых

Зялёным зонам Магілёва - назвы з гістарычным абліччам.

Теги:   топонимика  Могилёв  тапаніміка  парк 

Количество подписей под петицией:

100

Разнастаіць тапанімічны ландшафт па-савецку безаблічнага Магілёва новымі назвамі паркаў і сквераў з гістарычным абліччам.

Текст петиции

  • Учреждение, в которое направлено обращение: Могилевский горисполком
  • Дата и время отправки: 09 августа 2018, 07:00

Улічваючы, што за часы савецкай улады ў Магілёве цалкам знішчана гарадская тапаніміка (шчыра кажучы, акрамя вуліцы Быхаўскай, а таксама Пажарнага і Спаскага завулкаў, якім назва была вернута ў апошні час, цяжка прыгадаць яшчэ хоць нешта гістарычнае ў цэнтральнай зоне горада), а цяпер перайменаванне вуліц і плошчаў у горадзе ўпіраецца ў грашовыя пытанні і адсутнасць палітычнай волі, прапаноўваем надаць некаторым зялёным зонам горада наступныя назвы:
* Зялёнай зоне ўздоўж вуліцы Мянжынскага назву "сквер Малое Завалле" па гістарычнай назве вуліцы, якая праходзіць за былым Палявым валам — трэцім кольцам гарадскіх умацаванняў горада. Магчымы варыянт - проста "сквера Завалле", бо суседняя Леванеўскага калісьці мела назву Вялікае Завалле.
* Зялёнай зоне на рагу завулка Мігая і вуліцы Ленінскай назву "Лютэранскі сквер". Гэтае месца раней займала Лютэранская кірха, якая была знішчана ў 1930-я гады, а завулак Мігая называўся Лютэранскім.
* Зялёнай зоне па вуліцы Лазарэнкі паміж 1-м і 2-м Струшненскімі завулкамі назву "Віленскі сквер" па гістарычнай назве вуліцы Лазарэнкі і Віленскага прадмесця (раней пасада).
* Зялёнай зоне па праспекце Міру, абмежаванай схілам даліны Дубравенкі, кінатэатрам "Кастрычнік" і Палацам дзіцячай творчасці назву "сквер Змяёўка" па назве размешчанага тут гарадзішча.
* Зялёнай зоне перад Музеем этнаграфіі назву "Езуіцкі сквер". Да 1950-х гадоў на гэтым месцы размяшчаўся Касцёл Святога Францыска Ксаверыя і Анёлаў-Ахоўнікаў і калегіум езуітаў. Частка будынка калегіума была перабудавана пад музей, а брук і падпорныя сценкі паўтараюць абрысы касцёла.
* Зялёнай зоне па левым беразе Дняпра, абмежаванай вуліцай Вялікай Чавускай, Пушкінскім праспектам і праездам каля Палаца культуры вобласці назву "парк Троіцкі пасад" па назве гістарычнага прадмесця.
* Зялёным зонам перад Палацам культуры вобласці і гасцініцай "Турыст" надаць імёны класікаў беларускай літаратуры. Побач знаходзяцца помнікі Шаўчэнку і Пушкіну, але беларускія пісьменнікі амаль ніяк у горадзе не ўшанаваны. Фантан "Купальшчыцы", напрыклад, выклікае прамую аналогію з фантанам "Купалле" ў мінскім парку Янкі Купалы.
Разгледзець магчымасць перайменаваць цалкам або часткова:
* Парк культуры і адпачынку імя М. Горкага ў "Замкавы парк" па колішнім умацаванні, на якім і ўзнікла зялёная зона.
* Сквер імя Герцэна ў "Фарны сквер" па гістарычнай назве вуліцы Болдзіна і Фарнага касцёла, размешчанага за домам №5 (пра які, верагодна, не ведаюць нават многія старажылы).
* Камсамольскі сквер у "сквер Шклоўскі рынак (базар)" або "Шклоўскі сквер" па назве гістарычнай мясцовасці і былой назве вуліцы Будзённага.
* Сквер імя Лазарэнкі ў "Саборны сквер" па назве Саборнай плошчы, пра ансамбль якой цяпер нагадвае толькі Арка Славы.

Адзначым, што ў Мінску за апошняе дзесяцігоддзе многія зялёныя зоны атрымалі назвы, звязаныя з гістарычнымі мясцінамі, што значна ўзбагаціла тапанімічны ландшафт сталіцы: Антонаўскі парк, парк Дзівівелка, парк Цівалі, Альшэўскі сквер, Бондараўскі сквер, сквер Вілкаўшчына, Грушаўскі сквер, Кальварыйскі сквер, Камароўскі сквер, Красны сквер, Лютэранскі сквер, Ляхаўскі сквер, Маламядзвежынскі сквер, Міхайлаўскі сквер, Пярэспенскі сквер, сквер Сенажаны, сквер Старосцінская слабада, Старажоўскі сквер, Сцяпанаўскі сад, Татарскі сквер, сквер Траецкая гара, Тучынскі сквер, Шпітальны сквер і іншыя.

Пажадана перанесці гэтую практыку і на Магілёў, тапаніміка якога застаецца па-савецку безаблічнай. Гэта не патрабуе значных выдаткаў, але дазваляе ўвесці ў абарот забытыя гістарычныя тапонімы, звярнуць увагу і абудзіць цікаўнасць жыхароў да гісторыі свайго горада. Прысваенне новых назваў магло б стаць працягам пераўтварэнняў у горадзе, прымеркаваных да 750-гадовага юбілею Магілёва.

Таксама лічым неабходным нагадаць, што яшчэ ў 2014 годзе заяўлялася, што пытанне перайменавання вуліцы Ленінскай у Магілёве абавязкова будзе вынесена на грамадскае абмеркаванне, але гэта дагэтуль не зроблена.

С момента отправки обращения прошло:


Комментарии (3)

Для просмотра комментариев Вы должны войти на сайт или зарегистрироваться