PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №2842
24 августа 2019

Досыць "вайны" ў назвах аб`ектаў (Магiлёў)

супраць прысваення парку Падміколле імя Перамогі і далейшага распаўсюджвання ваеннай тэматыкі ў тапаніміцы Магiлёва.
ответ
получен

Адресаты:

Текущий статус обращения:

Мы выступаем супраць прысваення парку Падміколле імя Перамогі і далейшага распаўсюджвання ваеннай тэматыкі ў тапаніміцы горада. Нам вайны дастаткова! Тапаніміка Магілёва, на нашу думку, перанасычана памяццю пра вайну: мноства вуліц (у тым ліку ў гістарычным цэнтры) названа ў гонар абаронцаў, падпольшчыкаў, вызваліцеляў, у т.л. вуліцы Якубоўскага, Лазарэнкі, Болдзіна, Каралёва, Сурганава, Арлоўскага, Грышына, Сіманава, Маўчанскага, Цярохіна, Фаціна, Златаўстоўскага, завулак Тані Карпінскай, бульвар Непакорных і інш.

Старшыня савета Магілёўскай абласной арганізацыі ветэранаў Анатоль Глаз або слаба знаёмы з горадам, або свядома ўводзіць у зман, але ў Магілёве Перамога ўвекавечана ў назвах вуліцы 30 год Перамогі (распаўсюдзілася і на прылеглы жылы раён) і сквера імя 40-годдзя Перамогі (устаноўлены вялікі камень з назвай, яго цяжка не заўважыць), а раней мелася плошча Перамогі на скрыжаванні Міру і Касманаўтаў, якая пасля была перанесена разам з помнікам-танкам на іншае месца і стала называцца плошчай Герояў Танкістаў. Падміколле ж ўжо мае назву і, лiчым, не мае патрэбы ў іншых.

Таксама мы выступаем катэгарычная супраць стварэння ваенных мемарыялаў у рэкрэацыйных зонах агульнага карыстанныя, бо за гэтым пацягнецца наступ на актыўны адпачынак, забароны на правядзенне святочных мерапрыемстваў і акцый, выцясненне пунктаў грамадскага харчавання і забаўляльных устаноў, тэрыторыя ператворыцца ў яшчэ адно месца “памяці і смутку”, якіх і без таго дастаткова.

У горадзе ўстаноўлена вялікая колькасць помнікаў, мемарыяльных знакаў і дошак, прысвечаных вайне, даглядаюцца брацкія магілы. Сярод іншага маюцца Алея герояў па вул.Першамайскай, мемарыяльны комплекс на месцы Лупалаўскага лагера смерці, помнікі воінам-вызваліцелям у выглядзе танка Т-34, Лазарэнку ў скверы імя Лазарэнкі, Гусакоўскаму, Аслану Фархаду аглы Везіраву, ушанавана памяць пра вайну і ў мемарыяльным комплексе «Змагарам за Савецкую ўладу» на плошчы Славы, ажно чатыры мемарыялы размечаны ў скверы па вул. Лазарэнкі (каля Польскіх могілак) - брацкая магіла апалчэнцаў, мемарыял «Дзеці міру — дзецям вайны», падпольшчыкам Магілёва, брацкая магіла «Вайсковыя могілкі»; маюцца брацкія магілы на гарадскіх могілках; за горадам — мемарыял «Зямлянка» і велізарны мемарыяльны комплекс на Буйніцкім полі і інш. Няўжо няма куды пакласці кветкі? Відавочна, што па вул.Лазарэнкі сфарміраваўся ўжо нейкі мемарыльны сквер, які можна пры жаданні развіваць. Мы ж бачым толькі адну сапраўды ніяк не ўшанаваную падзею часоў вайны — паводку на рацэ Дубравенцы, якая адбылася 10 красавіка 1942 года, прывяла да вялікіх разбурэнняў і панесла шмат жыццяў.

Далейшае накручванне ваеннай тэматыкі можа, мяркуем, вырадзіцца ў ідэалогію, якую ў Расіі ахрысцілі «победобесием», калі сацыяльны і эканамічны праграс падмяняюцца псеўдапатрыятычным мілітарызмам, лозунгамі «Можем повторить», «На Берлин!», георгіеўскімі стужкамі, верай у тое, што вайна гэта натуральны стан краіны — усё гэта пасля паслужыла асновай для апраўдання ваеннай агрэсіі супраць суседніх стран і анексіі іх частак. Спадзяемся, што Беларусь ідзе іншым, міралюбным і прагрэсіўным шляхам.

Што тычыцца прапановы надаць імя Машэрава плошчы перад гарвыканкамам, дык просім звярнуць увагу, што гэтая асоба ніяк з горадам не звязана, у якасці дзяржаўнага дзеяча Пётр Мірованавіч паспрыяў русіфікацыі і стварэнню адзінага савецкага народа, ініцыяваў знос «неперспектыўных вёсак», адзначыўся няўдалай меліярацыяй Палесся, якая прывяла да значных экалагічных праблем, барацьбой з рэлігіяй, уціскам на святароў. Акрамя вышэй пералічнага, менавіта ў часы Машэрава, мяркуем, вынішчаліся гістарычныя цэнтры гарадоў, у тым ліку была знішчана забудова на плошчы, дзе цяпер хочуць ушанаваць імя першага сакратара. Ушаноўваць ягонае імя там, усё роўна што паставіць помнік забойцу на месцы забойства.

У той жа час звяртаем увагу, што ў горадзе гістарычныя назвы носяць усяго некалькі вуліц, тапаніміка застаецца па-савецку безаблічнай, просьбы грамадскасці і прапановы Тапанімічнай камісіі надаць няадрасным аб’ектам (скверам, паркам, мастам) назвы з гістарычным абліччам ігнаруюцца. У горадзе не ўшанаваны, на наш погляд, агульнацыянальныя культурныя дзеячы, адсутнічаюць помнікі беларускім музыкантам, кампазітарам, дзеячам навукі, класікам беларускім літаратуры — няма помніка ні Янку Купалу, які апеў Магілу льва ў аднайменнай паэме, ні Цішку Гартнаму, які быў даведзены да самазабойства ў магілёўскай псіхіятрычнай лячэбнічы ў часы сталінскіх рэпрэсій, пры тым, што прысутнічаюць помнікі Шаўчэнку і Пушкіну; вуліцы ў гонар выдатных беларусаў называюцца з большага ў прыватным сектары каля Гарадшчыны.

Читать далее: