PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №3257
20 декабря 2019

Захаваць як помнік апошні ў свеце лакаматыў серыі ТЭП60

У лютым 2020 года Беларуская Чыгунка плануе спісанне цеплавоза ТЭП60-0429, які з’яўляецца апошнім у свеце дзейным лакаматывам серыі ТЭП60.
ответ
получен

Адресат:

Текущий статус обращения:

Нам стала вядома, што ў лютым 2020 года Беларуская Чыгунка плануе спісанне цеплавоза ТЭП60-0429, які з’яўляецца апошнім у свеце дзейным лакаматывам серыі ТЭП60.

Мы просім дзеля захавання гістарычнай спадчыны і памяці пра працу шматлікіх чыгуначнікаў, якія працавалі на лакаматывах гэтай серыі, захаваць дадзены экзэмпляр лакаматыва ў якасці помніка.

На большасці вузлавых станцый Беларускай Чыгункі даўно былі ўсталяваныя помнікі-паравозы, дзякуючы якім захоўваецца памяць пра існаванне калісьці на чыгунцы паравознай цягі. Гэтыя помнікі выклікаюць цікавасць з боку многіх людзей, у тым ліку ў маладога пакалення, і ў турыстаў. Таксама захаванне гістарычных лакаматываў вылікае ў нас пачуццё павагі да Беларускай Чыгункі, якая захоўвае цікавыя і каштоўныя аб’екты, якія сведчаць пра мінулае.

Цяпер прыйшоў час, калі з эксплуатацыі выводзяцца серыі цеплавозаў, якія, як, напрыклад, ТЭП60, з’яўляецца цікавым помнікам прамысловага дызайну сярэдзіны ХХ стагоддзя, а іх выгляд уяўляе эстэтычную і гістарычную вартасць. Таму мы лічым, што варта захаваць апошні дзейны лакаматыў ТЭП60 у якасці помніка.

Як месца ўстаноўкі ТЭП60-0429 мы прапануем станцыю Крулеўшчына Віцебскага аддзялення Беларускай Чыгункі. У адрозненне ад большасці вузлавых станцый, тут ніколі не быў усталяваны паравоз-помнік. На тэрыторыі, прылеглай да пасажырскага будынка станцыі, ёсць месца, дастатковае, каб размясціць лакаматыў.

Населены пункт Крулеўшчына ўзнік у пачатку ХХ стагоддзя як станцыя Балагое-Сядлецкай чыгункі, а яго ўзнікненне, развіццё і ператварэнне ў значнае па памерах паселішча адбылося выключна дзякуючы наяўнасці тут чыгуначнай станцыі. На працягу больш як ста год існавання чыгуначнага вузла ў Крулеўшчыне на станцыі і іншых арганізацыях чыгункі працавалі тысячы людзей, многія з якіх вызначыліся стараннай працай і вайсковымі подзвігамі ў часы І і ІІ Сусветных войнаў. Лакаматывы ТЭП60 запомніліся жыхарам Крулеўшчыны, бо з 80-х гадоў ХХ стагоддзя да 10-х гадоў ХХІ стагоддзя абслугоўвалі шматлікія пасажырскія цягнікі, якія праходзілі праз Крулеўшчыну і звязвалі гэты населены пункт з рознымі гарадамі.

Лакаматыў-помнік мог бы стаць памятным знакам у гонар тых шматлікіх пакаленняў чыгуначнікаў з Крулеўшчынскага вузла. Таксама ён быў бы галоўнай славутасцю аграгарадка Крулеўшчына, які не мае іншых цікавых архітэктурных і гістарычных помнікаў. Ён быў бы неафіцыйным сімвалам населенага пункта і адным з сімвалаў Докшыцкага раёна, каля якога фатаграфаваліся б людзі, яго адлюстроўвалі б на паштоўках, сувенірнай прадукцыі.

Таксама ён быў бы цікавым турыстычным аб’ектам, асабліва маючы на ўвазе тое, што праз станцыю Крулеўшчына ў летні час праязджае ўсё больш турыстаў, у тым ліку арганізаваныя групы пешых і веласіпедных турыстаў, якія накіроўваюцца на вандроўкі па азёрах і іншых прыродных аб’ектах Глыбоцкага, Пастаўскага, Браслаўскага, Мёрскага раёнаў. Падчас чакання пасадкі, перасадкі або доўгіх стаянак цягнікоў яны маглі б бачыць дадзены помнік, фатаграфаваць яго. Таксама Крулеўшчына, калі б там знаходзіўся лакаматыў-помнік, стала б месцам, куды б заязджала частка турыстаў, якія падарожнічаюць на аўтамабілях у накірунку Глыбокага, Мосара, Браслава.

Усталяванне лакаматыва-помніка на станцыі Крулеўшчына было б годным мерапрыемствам у межах аб’яўленага Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Года малой радзімы.

Спадзяёмся на станоўчае вырашэнне дадзенага пытання.

Читать далее: