PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №1270
22 декабря 2017

За выкарыстанне беларускай мовы на шыльдах Нацыянальнага аэрапорта

Нягледзячы на некалькі зваротаў грамадзян, кіраўніцтва РУП "Нацыянальны аэрапорт "Мінск" па-ранейшаму адмаўляецца ўжываць дзяржаўную беларускую мову на інфармацыйных шыльдах і ў раскладзе рэйсаў.
ответ
получен

Адресат:

Текущий статус обращения:

Генеральнаму дырэктару РУП Нацыянальны аэрапорт “Мінск”

Мелікяну Дз. Ш.

220054, г. Мінск, Нацыянальны аэрапорт Мінск”

Паважаны Дзмітрый Шалікавіч!

Мы вельмі радыя, што ў пачатку 2018 года беларуская мова нарэшце з’явілася на вялікіх электронных табло з раскладам рэйсаў і на частцы інфармацыйных шыльдаў і паказальнікаў аэрапорта.

Нацыянальны аэрапорт “Мінск” з’яўляецца галоўнай паветранай брамай Рэспублікі Беларусь. Гэта знакавае месца, якое сустракае і праважае ў дарогу грамадзян Беларусі, па якім многія замежнікі робяць сваё першае ўражанне аб нашай краіне і яе культуры. Адпаведна, Нацыянальны аэрапорт мусіць узорна прадстаўляць здабыткі беларускай культуры ў межах сваёй кампетэнцыі. Артыкул 2 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры ад 20 ліпеня 2016 г. № 413-З вызнае адным з прынцыпаў, на якіх грунтуюцца грамадскія адносіны ў сферы культуры, прызнанне беларускай мовы адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту.

Важным аспектам працы аэрапорта з’яўляецца інфармаванне яго наведвальнікаў праз табло, шыльды і абвесткі. Пры гэтым па стане на канец першай дэкады студзеня 2018 года беларуская мова адсутнічае:

- на маленькіх электронных табло, размешчаных у будынку аэравакзала і звонку, над уваходамі;

- на многіх шыльдах і інфармацыйных паказальніках аэравакзала;

- у галасавых абвестках.

Інфармацыйных паказальнікаў на беларускай мове зусім няма на першым паверсе і звонку тэрмінала. Акрамя таго, сайт Нацыянальнага аэрапорта, на жаль, не мае беларускамоўнай версіі.

Мы лічым, што выкарыстанне дзяржаўнай беларускай мовы на сваіх шыльдах і ў іншых паведамленнях для грамадскасці з’яўляецца маральным абавязкам любой дзяржаўнай арганізацыі, асабліва той, якая носіць імя Нацыянальнай.

Як адзначыў Кіраўнік Беларускай дзяржавы на сустрэчы «Моладзь. Погляд у будучыню» ў маі 2017 года, «Вядома, як прэзыдэнт Беларусі я вельмі хацеў бы, каб мы больш выкарыстоўвалі беларускую мову».

У 2015 – 2016 годзе ініцыятыўная група грамадзян двойчы звярталася да кіраўніцтва РУП «Нацыянальны аэрапорт Мінск» з прапановай змяшчаць на інфармацыйных шыльдах надпісы ў тым ліку і на беларускай мове.

На першы са зваротаў Адміністрацыя РУП адказала, што яна «прыкладае максімум намаганняў па пашырэнні тэхнiчных магчымасцяў i пошуку фінансавых сродкаў, якія б дазвалялі размяшчаць iнфарамацыю на трох i больш мовах». На другі зварот (дасланы 26 жніўня 2016 г.) быў атрыманы адказ, маўляў, даданне трэцяй мовы ў бліжэйшы час не плануецца.

Аднак увосень 2017 года ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск” ў электронным раскладзе рэйсаў і ў шыльдах надпісы пачалі дублявацца на кітайскай мове, што сведчыць аб наяўасці як тэхнічных, так і фінансавых магчымасцяў пашырыць спіс моваў на шыльдах.

Увосень 2017 года ў прэсе былі апублікаваныя вашыя каментары адносна ігнаравання Нацыцянальным аэрапортам моўных правоў жыхароў Беларусі. Маўляў, “інфармацыя на беларускай мове не перадаецца, каб яна не скажалася”. Па-першае, гэта выказванне не падмацавана аніякімі вынікамі аб’ектыўных даследаванняў, якія б пацвярджалі наяўнасць скажэнняў.

Па-другое, айчынны і замежны досвед сведчаць аб шматгадовым паспяховым выкарыстанні некалькіх дзяржаўных моў у паведамленнях на транспарце. У якасці айчыннага прыкладу можна прывесці Мінскі метрапалітэн. У міжнародным аэрапорце сталіцы Канады “Мак-Дональд – Карцье” пісьмовыя паведамеленні (у тым ліку і інтэрнэт-старонка) зробленыя на дзвюх дзяржаўных мовах краіны: англійскай і французскай.

Вы таксама адзначаце, што “руская мова, у адрозненне ад беларускай, гэта адна з моў, якія прынятыя ў свеце як міжнародныя. Але, па-першае, беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь, а айчыннае заканадаўства не ўтрымлівае палажэнняў, якія б давалі мовам, якія вы называеце “прынятымі у свеце як міжнародныя”, перавагі над дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь.

У такой пазіцыі можна ўгледзець супярэчанне артыкулу 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” ад 26.01.1990 №3094-XI: “Усякія прывілеі ці абмежаванні правоў асобы па моўных прыметах недапушчальныя».

Па-другое, ранейшыя звароты не ўтрымлівалі прапаноў скараціць колькасць моў у паведамленнях – толькі дадаць беларускую.

Адсутнасць дзяржаўнай беларускай мовы на інфармацыйных шыльдах і паказальніках Нацыянальнага аэрапорта “Мінск” супярэчцць шэрагу палажэнняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Згодна артыкулу 50 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: “Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін”.

Згодна артыкулу 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” ад 26.01.1990 №3094-XI, “Усякія прывілеі ці абмежаванні правоў асобы па моўных прыметах недапушчальныя».

З’яўленне беларускай мовы на вялікіх электронных табло і на частцы інфармацыйных паказальнікаў – важны крок у накірунку задавальнення моўных правоў жыхароў Беларусі, і мы шчыра вітаем яго. Тым не менш, адсутнасць беларускай мовы на маленькіх табло, на, верагодна, большасці паказальнікаў і ў галасавых абвестках не дае грамадзянам магчымасці рэалізаваць сваё права карыстацца беларускай мовай пры атрыманні неабходнай ім інфармацыі на ўсёй тэрыторыі аэрапорта.

Нацыянальны аэрапорт “Мінск” з’яўляецца рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам. Паводле пункта 2 артыкула 113 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства з’яўляецца дзяржаўным прадпрыемствам.

Паводле артыкула 2 Закона “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Рэспубліка Беларусь праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі.

Нядаўняе істотнае пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў аэрапорце вартае ўхвалы, але пакуль што кіраўніцтва Нацыянальнага аэрапорта не забяспечыла яе ўсебаковага і паўсюднага функцыянавання на тэрыторыі аэравакзала.

У адпаведасці з пунктам 2 артыкула 18 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры ад 20 ліпеня 2016 г. № 413-З, дзяржаўныя органы прымаюць удзел у правядзенні дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры ў адпаведнасцi з iх кампетэнцыяй.

Паводле артыкула 69 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры, беларусая мова (вусная і пісьмовая) з'яўляецца нематэрыяльнай культурнай каштоўнасцю.

Згодна артыкулу 33 згаданага вышэй Кодэкса, грамадзяне Рэспублікі Беларусь з’яўляецца абавязаны паважаць дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь і нацыянальныя культурныя традыцыі.

У тым, што кіраўніцтва РУП Нацыянальны аэрапорт “Мінск” не выкарыстоўвае беларускую мову ў галасавых абвестках, на ўсіх табло і інфармацыйных паказальніках, прасочваецца супярэчнасць з дзяржаўнай палітыкай ў сферы культуры, якая разглядае беларускую мову як каштоўнасць.

Мы заклікаем вас поўнасцю ліквідаваць супярэчнасць прыніжанага статусу беларускай мовы ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» палажэнням заканадаўства.

Мы просім вас працягнуць вашу пачэсную працу па распаўсюдзе беларускай мовы ў сферы інфармавання пасажыраў: дадаць адпаведныя тэксты на беларускай мове ў маленькія табло і ва ўсе інфармацыйныя шыльды і паказальнікі, агучваць вусныя паведамленні ў тым ліку і на беларускай мове, а таксама зрабіць беларускамоўную версію інтэрнэт-старонкі вашай арганізацыі.

Читать далее: