PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №1458
02 апреля 2018

Калектыўны зварот наконт помніка кіеўскай княгіні Вользе ў Віцебску

Віцебскі летапіс запэўнівае – старажытны Віцебск заснаваны ў 974-м годзе кіеўскай княгіняй Вольгай. Па пісьмовых крыніцах вядома, што Вольга памерла ў 968 годзе і праз шэсць гадоў, яна не магла ўжо заснаваць Віцебск.
ответ
получен

Адресат:

Текущий статус обращения:

Старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта

Сп. Нікалайкіну В. П.

210005, г. Віцебск, вул. Леніна, 32

E-mail: [email protected]

Шаноўны Віктар Паўлавіч!

Як стала вядома з інтэрнэт-рэсурсу Цэнтра электроннага гандлю (http://www.icetrade.by/tenders/all/view/487502), унітарнае камунальнае вытворчае прадпрыемства «Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка» (Рэспубліка Беларусь, Віцебская вобласць, 210026, г. Віцебск, вул. Замкавая, 4) плануе ажыццявіць капітальны рамонт вуліцы Леніна з прылеглай тэрыторыяй у г. Віцебску з мэтай усталявання помніка кіеўскай княгіні Вользе, у сувязі з чым конкурснай камісіяй было пастаноўлена правесці перамовы з адзіным удзельнікам падрадных таргоў (пратакол № 21/1 ад 06.10.2017 г.).

Грунтуючыся на гэтым, мы, жыхары горада Віцебска, выступаем супраць усталявання помніка кіеўскай княгіні Вользе ў нашым горадзе з наступных меркаванняў:

1. У выніку ўсталявання помніка будзе вынішчаная зялёная зона

Нас у першую чаргу хвалюе лёс зялёных насаджэнняў на месцы, адведзеным пад помнік. Мы лічым, што руйнаваць зялёную зону, якую шмат гадоў старанна аднаўлялі ў цэнтры горада, проста недапушчальна. Не хочацца праводзіць паралелі, але ствараецца ўражанне, што гарадскія ўлады вядуць метадычную барацьбу з улюбёнымі месцамі адпачынку гараджан. Так, у 2009 годзе была знішчаная ўся зелянота на плошчы Перамогі. Пазней падчас рэканструкцыі праезнай часткі па вуліцы Леніна ў жніўні 2014 года для зручнасці аўтамабілістаў гарадскія ўлады знішчылі зялёную паласу ўздоўж акрайку тратуара і ўсе дрэвы, якія на ім раслі. А наперадзе – ужо наступны этап гэтай барацьбы, які называецца «Капітальны рамонт вуліцы Леніна і добраўпарадкаванне тэрыторыі для размяшчэння помніка княгіні Вользе».

Тым часам Прэзідэнт Беларусі рэзка раскрытыкаваў практыку вынішчэння зялёных насаджэнняў у Мінску і іншых гарадах. Паводле яго слоў, чыноўнікі хочуць «падставіць Прэзідэнта». Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе 3 кастрычніка 2017 г. (афіцыйная справаздача прэсавай службы Прэзідэнта з гэтай нагоды апублікаваная па спасылцы: http://president.gov.by/ru/news_ru/view/soveschanie-po-proektu-novoj-redaktsii-zhilischnogo-kodeksa-17216/).

Паводле задумкі скульптара, помнік княгіні Вользе павінен стаяць у басейне фантана - «для гістарычнасці», бо ладдзя прыплыла па рацэ. А гэта азначае, што адзін з самых маляўнічых і дагледжаных куткоў горада раскапаюць, каб пакласці трубы, будаўнікі ўздзяруць брук, будуць вынішчаны кветкі і дрэвы. Пад ногі княгіні Вольгі кінуць увесь ландшафтны дызайн, распрацаваны для гэтага кутка – кусты ружаў, радочкі туй, пасадкі дэкаратыўных кустоў, «альпійскія горкі». І ўсё гэта – за бюджэтныя грошы, за якія паставяць помнік, які ўжо загадзя не даспадобы віцяблянам.

2. Галоўным аргументам з’яўляецца тое, што кіеўская княгіня Вольга не засноўвала Віцебск

Прынамсі, пра гэта няма аніякіх сведчанняў. Таму ў гэтай якасці няма сэнсу ўшаноўваць гэты персанаж, тым больш за бюджэтныя сродкі. Дарэчы, дакладны і навукова абгрунтаваны матэрыял пра памылковасць легенды аб заснаванні Віцебска кіеўскай княгіняй Вольгай быў апублікаваны 23 чэрвеня 2016 года па спасылцы: https://vkurier.by/62834.

Як вынікае з паведамленняў сродкаў масавай інфармацыі, у адказе, дасланым на імя віцяблянкі Таццяны Севярынец з аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама, паведамляецца, што «звесткі аб заснаванні горада Віцебска княгіняй Вольгай змяшчаюцца ў Віцебскім летапісе і ў шэрагу пісьмовых крыніц XVIII-XIX стагоддзяў».

Гісторыкі, дарэчы, не аспрэчваюць той факт, што ў «Віцебскім летапісе» Панцырнага і Аверкі ёсць згадка пра тое, што «въ лѣто 974» горад заснаваны на загад княгіні Вольгі. Але ёсць таксама доказы, што яшчэ ў 969 годзе Вольга адышла ў лепшы свет. Каб развязаць гэтую супярэчнасць, і была прыдуманая легенда пра памылку летапісца, які нібыта замест «974» напісаў «947». Дзякуючы такому дапушчэнню, у 1974 годзе Віцебск адсвяткаваў сваё 1000-годдзе. Як мяркуе гісторык і краязнаўца Аркадзь Падліпскі, аўтарам ідэі пра памылку перапісчыка быў савецкі гісторык Міхаіл Рыўкін.

Аказваецца, за сваё «цудоўнае ўваскрашэнне» княгіня Вольга мусіла б сказаць дзякуй савецкім гісторыкам, якія патлумачылі запіс у «Віцебскім летапісе» Панцырнага і Аверкі пра заснаванне гораду «въ лѣто 974» памылкай перапісчыка. Маўляў, затрымцела рука летапісца, ахінула яго стома або згасла лучына - і чацвёрка з сямёркай памяняліся месцамі...

Так, без заглыблення ў дэталі, княгіня Вольга аўтаматычна была прызнаная заснавальніцай і стала галоўным персанажам на юбілеі горада. Шкада, што гарадскія ўлады, якія вырашылі ўвекавечыць княгіню Вольгу ў манументальным мастацтве, кіруюцца цьмянымі версіямі савецкіх гісторыкаў, што супярэчаць нават здароваму сэнсу. Ніхто не паглядзеў, што больш аніякіх сувязяў гэтага гістарычнага персанажа з Віцебскам у летапісах няма.

Такое ўражанне, што ў гарвыканкаме пачалася нейкая «помнікаманія», бо апошнім часам практыка ўсталявання ў Віцебску супярэчлівых з гістарычнага пункту гледжання (патрыярх РПЦ Аляксей Другі, наўгародскі князь Аляксандр Неўскі) альбо недарэчных (Залатая рыбка) помнікаў праяўляецца выразна. Гарадскія ўлады адкрыта ігнаруюць меркаванні месцічаў і не прыслухоўваюцца да парадаў адмыслоўцаў. Горад пакрысе засмечваецца дзіўнымі скульптурамі.

Дарэчы, як сцвярджае сп. Аркадзь Падліпскі, «Летапіс Панцырнага-Аверкі» летапісам, па сутнасці, не з’яўляецца, бо толькі нязначная частка дакумента была напісаная сучаснікам апісаных у ёй падзей.

Такім чынам, грунтоўныя меркаванні віцебскіх гісторыкаў яскрава сведчаць, што версія пра кіеўскую княгіню Вольгу, якая памерла ў 969 годзе, але загадкавым чынам уваскрэсла і здолела заснаваць Віцебск у 974 годзе, як пра «заснавальніцу горада», не вытрымлівае аніякай крытыкі, а таму – не адпавядае рэчаіснасці. Іншымі словамі, гісторыя, прыдуманая савецкім прапагандыстам Міхаілам Рыўкіным у 1974 годзе ў Маскве, пра тое, што Віцебск нібыта заснавала згаданая асоба, з’яўляецца не чым іншым, як міфам з кепска распрацаваным абгрунтаваннем.

3. Гістарычная постаць кіеўскай княгіні Вольгі як такая досыць супярэчлівая

Шырока вядома, што згаданая асоба пры жыцці падступна і люта адпомсціла драўлянам (http://ruskline.ru/analitika/2010/7/26/o_mesti_i_svyatosti_velikoj_knyagini_olgi/), але пасля смерці была абвешчаная Рускай праваслаўнай царквой у якасці святой.

Вызначылася княгіня Вольга нечуванай лютасцю, каб адпомсціць драўлянам за смерць свайго мужа князя Ігара. Як вядома з пісьмовых хронікаў, акупанты бязлітасна рабавалі жыхароў Беларусі і Украіны, сілай зброі па 2 – 3 разы на год адбіраючы даніну і павязаўшы халопаў з тутэйшых, адпраўлялі іх на нявольніцкія рынкі Канстанцінопаля і Дамаска ў якасці жывога тавару.

За гэта драўляне з горада Іскарасценя перабілі дружыну князя Ігара, а яго самога, прывязаўшы да вершалін бяроз, разарвалі на дзве часткі. Вольга ж у Кіеве жорстка помсціла драўлянам: першае пасольства закапала жывымі ў зямлю, другое пасольства спаліла жывымі ў лазні. Але на гэтым княгіня Вольга не спынілася. “Повесть временных лет” (http://lib2.pushkinskijdom.ru/tabid-4869) паведамляе аб пяці тысячах драўлян, забітых на загад княгіні Вольгі, падчас трызны на магіле яе мужа – князя Ігара. А ў 946 годзе, паводле таго ж летапісу, Вольга спаліла сам горад Іскарасцень з дапамогай птушак, да лапак якіх загадала прывязаць запаленую паклю з серай. Падобны расповед аб спаленні горада з дапамогай птушак утрымліваецца таксама ў іншых летапісах , у тым ліку Радзівілаўскім.

Што павінны распавядаць віцябляне сваім дзецям, якія, гледзячы на помнік забойцы ў цэнтры Віцебска, будуць пытаць сваіх бацькоў пра бязлітасную княгіню Вольгу?!..

4. Постаць княгіні Вольгі, кананізаванай Рускай праваслаўнай царквой, чужая для беларусаў

Княгіня Вольга была кананізавана ў Маскоўскім княстве ў 1547 годзе. Перадусім, заўважым, што продкі беларусаў жылі ў той час у незалежнай дзяржаве - Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім, дзе Руская праваслаўная царква ніколі не мела вялікага ўплыву. Такім чынам, гістарычна раўнаапостальная княгіня Вольга – гэта чужая нам постаць. Нашмат больш у нас шануюць Святую Еўфрасінню Полацкую, якая лічыцца нябеснай заступніцай Беларусі.

Да таго ж, пачынаючы з 1596 года, калі ў нашай дзяржаве была заключана Берасцейская царкоўная уніія, большасьць некаталіцкага насельніцтва Беларусі прытрымлівалася менавіта ўніяцтва. Напрыклад, у Віцебску як уніяцкія святыні паўсталі Ўспенскі сабор і Ўваскрасенская царква, якія пасля гвалтоўнай ліквідацыі рускімі ўладамі Берасцейскай царкоўнай уніі ў 1831 годзе былі перададзены Рускай праваслаўнай царкве.

Беларусь ва ўсе часы вылучалася рэлігійнай талерантнасцю, калі ў мірным суседстве жылі разам і каталікі, і ўніяты, і пратэстанты, і юдэі, і мусульмане.

У гэтым рэчышчы абурае публічнае выказванне праваслаўнага мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха усяе Беларусі Паўла ў рамках перадачы «Гутаркі з мітрапалітам Паўлам», якая выйшла 27 студзеня 2018 года на тэлеканале «Союз» (відэа прыводзіць партал «Царква»: http://churchby.info), што маўляў “у праваслаўных і ўніятаў розны Бог”. Што ж тады казаць пра каталікоў, пратэстантаў і ўвогуле нехрысціянаў, што маюць шматвяковыя тацыдыцыі мірнага суіснавання на Беларусі?!..

Мы не супраць услаўлення праваслаўнай святой, але княгіня Вольга, ня так ужо нам і блізкая, была яшчэ больш дэскрэдытавана самімі праваслаўнымі іерархамі, якія публічна распальваюць міжрэлігійную варожасць, у тым ліку сярод віцяблянаў, якія стагоддзямі лічылі адным з сваіх галоўных дасягненняў рэлігійную цярпімасць і адсутнасць у нашым горадзе канфліктаў на рэлігійнай глебе.

Такім чынам, лічым, што помнік праваслаўнай святой, кананізаванай у 1547 годзе ў Маскоўскім княстве, да якога нашы продкі не мелі ніякага дачынення, у святле непрымальных выказванняў сучасных іерархаў Рускай праваслаўнай царквы, накіраваных на міжрэлігійную варожасць, будзе не аб’ядноваць вакол сваёй постаці жыхароў нашага горада, а толькі спараджаць новыя спрэчкі на рэлігійнай глебе.

5. Віцебскі гарвыканкам ігнаруе меркаванне сучасных беларускіх навукоўцаў

Адным з самых важкіх аргументаў з'яўляецца тое, што супраць усталявання гэтага помніка адназначна выказаліся вядучыя навуковыя дзеячы нашага горада. У іх ліку гісторык Ігар Цішкін, які даводзіць, што Віцебск – горад, заснаваны крывічамі. Калі ўжо і ставіць помнік, то трэба ім.

Ігнараванне аўтарытэтных меркаванняў дзеячаў сучаснай беларускай гістарычнай навукі з боку ўладаў горада Віцебска ў пытанні аб усталяванні помніка княгіні Вользе з'яўляецца невуцтвам і велізарнай памылкай, выпраўленне якой дорага абыдзецца нашаму гораду.

6. Гістарычны цэнтр горада з’яўляецца ахоўнай зонай

Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 сакавіка 2017 г. № 18, гістарычны цэнтр г. Віцебска з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, якая ўнесеная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Гэтай пастановай таксама вызначана выконваць работы на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам аб культуры на падставе навукова-праектнай дакументацыі, узгодненай з Міністэрствам культуры.

Многія гараджане падзяляюць меркаванне, што змяненне знешняга выгляду (узвядзенне новых збудаванняў, рэканструкцыя ці знос існуючых будынкаў, устаноўка або ліквідацыя помнікаў, пасадка або высечка дрэваў) гістарычнага цэнтра горада Віцебска павінна планавацца мясцовымі ўладамі з асаблівай асцярожнасцю і пры абавязковым ўліку меркавання аўтарытэтных гісторыкаў і мясцовых жыхароў.

7. Работы па падрыхтоўцы месца для помніка (без уліку кошту самога помніка ды іншых работ, каб яго ўсталяваць) каштуюць занадта дорага

Падрыхтоўка адной толькі пляцоўкі будзе каштаваць больш за 1 млн. 150 тыс. дэнамінаваных рублёў.

Колькі будзе каштаваць сам помнік, пакуль невядома, але толькі на падрыхтоўку пляцоўкі для помніка гарадскія ўлады плануюць выдаткаваць больш, чым пайшло летась на жыллёвае будаўніцтва (згодна са справаздачай аб выкананні гарадскога бюджэту за 2017 год: http://vitebsk.gov.by/ru/budzet/, на жыллёвае будаўніцтва было выдаткавана толькі 1 384,9 тыс. рублёў).

Не зразумела, чым кіеўская княгіня Вольга заслужыла больш сродкаў, сабраных з падаткаў гараджан, у параўнанні з выдаткамі на паляпшэнне жыллёвых умоў саміх гараджан.

Што да бюджэту на 2018 год, то такія напрамкі, як «Жыллёва-камунальная гаспадарка», «Жыллёвае будаўніцтва», «Транспарт», «Культура» ды «Мастацтва» зазналі скарачэнне выдаткаў. У сувязі з гэтым паўстае слушнае пытанне, чаму б замест няўцямнага помніка кіеўскай княгіні гарадскім уладам не пабудаваць, напрыклад, паліклініку ў мікрараёне Білева, жыхары якога не маюць такой выгоды, альбо не набыць за гэтыя грошы новы трамвай ці дадатковы тралейбус, каб палепшыць транспартнае забеспячэнне аддаленых раёнаў горада. Да таго ж, згодна з бюджэтам на бягучы год, дэфіцыт яго (то бок перавышэнне выдаткаў над прыбыткамі) складзе 21 мільён рублёў. Такім чынам, у горада папросту няма лішніх 1,5 мільёна рублёў на гэты помнік.

Згодна з артыкулам 41 Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 г. № 108-З «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», выканкамы ў межах сваёй кампетэнцыі ў парадку, вызначаным заканадаўствам, забяспечваюць выдаткоўванне бюджэтных сродкаў у адпаведнасці з іх мэтавым прызначэннем.

Мы ўпэўненыя, што нават тыя віцябляне, хто не супраць, каб у Віцебску з’явіўся чарговы гістарычны помнік, падтрымаюць нас у тым, што цяпер не час нават думаць пра такія дарагія праекты, замест якіх грошы лепш накіраваць у падтрымку сацыяльнай сферы, якая ў праекце гарадскога бюджэту на 2018 год, на вялікі жаль, зазнала скарачэнні.

З улікам сказанага, мы як жыхары горада Віцебска патрабуем ад Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта:

1) адмовіцца ад планаў па ўсталяванні помніка ды не праводзіць паўторныя таргі;

2) накіраваць грашовыя сродкі, якія меркавалася выдаткаваць на помнік кіеўскай княгіні, на сацыяльныя праекты на карысць гараджан (напрыклад, у сферы адукацыі, аховы здароўя, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, жыллёвага будаўніцтва або грамадскага транспарту);

3) разгледзець гэты зварот з выездам на месца, як патрабуе пункт 2 артыкула 22 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. № 300-З «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”. Пры гэтым просім Вас папярэдне паведаміць пра дакладны час і месца такога разгляду на адрас электроннай пошты, пазначаны ніжэй, не пазней чым за два тыдні да выезду на месца.

У якасці альтэрнатывы помніку кіеўскай княгіні Вользе ў перспектыве прапануем разгледзець розныя ініцыятывы па ўшанаванні памяці гістарычных асоб, якія зрабілі ў гарадскую гісторыю больш прыкметны ўнёсак. У такім ключы ўдалым прыкладам з'яўляецца помнік віцебскаму князю Альгерду, які пабудаваў у нашым горадзе першы каменны замак, што быў усталяваны ў 2014 годзе па вул. Талстога. Гэтая ініцыятыва, рэалізаваная гарадскімі ўладамі, сустрэла шырокую падтрымку з боку навуковай супольнасці нашай краіны і жыхароў горада.

Хацелася б, каб віцебскія гарадскія ўлады кіраваліся ўдалымі прыкладамі (такімі як помнік князю Альгерду), якія гуртуюць нашых суайчыннікаў вакол агульнай памяці аб славутым мінулым, і пазбягалі няўдалых ініцыятыў (як напрыклад, помнік наўгародскаму князю Аляксандру Неўскаму або расійскаму патрыярху Аляксею Другому), якія падзяляюць грамадзян Беларусі па розных прыкметах (рэлігійных, палітычных, моўных) ды распальваюць міжрэлігійную і міжнацыянальную варожасць сярод жыхароў нашага горада і нашай краіны.

Читать далее: