Па даручэнні кіраўніка дзяржавы Саветам міністраў Беларусі падрыхтавана архітэктурная канцэпцыя Нацыянальнага выставачнага цэнтру (НВЦ), дзе прадугледжана яго размяшчэнне паміж Курапатамі і "Экспабелам". Дзеля ажыццяўлення гэтага праекту рыхтуецца адпаведны ўказ кіраўніка дзяржавы.
Курапаты з’яўляюцца гістарычна-культурнай каштоўнасцю міжнароднага значэння "Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-х – 1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты".
На курапацкіх пагорках ляжаць тысячы нашых з вамі продкаў і суайчыннікаў — бязвінных ахвяраў сталінізму, таму Курапаты сталі святыняй усяго беларускага народу, яны сваім трагічным мінулым яднаюць нацыю і патрабуюць ад нас адказнага, шчырага і сумленнага стаўлення.
Узвядзенне НВЦ у названым месцы парушыць гістарычны выгляд поля з яго ландшафтам, краявіднымі пунктамі і грунтавой "Дарогай смерці", па якой ахвяраў вазілі ў Курапаты на расстрэл, стане фактарам дадатковага моцнага антрапагеннага ўціску на ўрочышча, непазбежна паўплывае на ўспрыманне самога НВЦ і яго экспазіцыяў, прынізіць Курапаты як знакавы помнік айчыннай і сусветнай гісторыі.
Апошнія падзеі ў гэтым месцы смутку і пакаяння, у тым ліку планы ўзвесці НВЦ на полі паміж урочышчам і "Экспабелам", сведчаць, што ў курапацкім пытанні ўлады ігнаруюць пазіцыю беларускай і міжнароднай грамадскасці.
Мы лічым, што для захавання Народнага мемарыялу ў Курапатах неабходна перайсці ад супрацьстаяння з грамадскасцю да ўзважанага дыялогу на грунце нарматыўна-прававых дакументаў, аргументаў спецыялістаў і спрадвечных каштоўнасцяў. На нашу думку, асноўнай тэмай такога дыялогу павінна стаць захаванне гістарычнага поля, дзе мяркуецца ўзвядзенне НВЦ.
Зыходзячы з таго, што абранае для будаўніцтва НВЦ месца не адпавядае архітэктурна-ландшафтнаму атачэнню як саміх Курапатаў, так і Нацыянальнага выставачнага цэнтру, прапануем перагледзець тэрыторыю размяшчэння НВЦ і захаваць за полем паміж урочышчам і "Экспабелам" статус Месца нацыянальнай памяці.
Количество подписей под петицией:
411
Распрацаванай архiтэктурнай канцэпцыяй Нацыянальнага выставачнага цэнтра ўлiчаны ахоўныя патрабаваннi ў дачыненнi да гiсторыка-культурнай каштоўнасцi - урочышча "Курапаты", але ў цяперашнi час канчатковага рашэння па ўрэгуляванню пытання будаўнiцтва НВЦ не прымалася.
Канчатковага рашэння па ўрэгуляванню пытання будаўнiцтва НВЦ не прымалася. Наданне зямельнаму ўчастку паміж урочышчам "Курапаты" і ГЗЦ "Экспабел" статуса "Месца нацыянальнай памяці" не абгрунтаванае.