PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №3955
09 мая 2020

Першая мінская электрастанцыя патрабуе аднаўлення, а не здзекаў

Вярнуць аднаўленне фрагментаў будынкаў былой электрастанцыі ў рэчышча беларускага заканадаўства і міжнародных пагадненняў па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей.
ответ
получен

Адресаты:

Текущий статус обращения:

Выказваем крайнюю абуранасць варыянтам «аднаўлення» першай мінскай электрастанцыі, прапанаваны інстытутам «Мінскграмадзянпраект» і «прынцыпова ўхвалены» архітэктурна-горадабудаўнічым саветам (спадар Быкоўскі, дырэктар інстытута і сталы ўдзельнік пасяджэнняў, верагодна, і гэтым разам прысутнічаў у «журы», што не давала яго калегам і добрым знаёмым аб’ектыўна ацэньваць і больш жорстка крытыкаваць прапанаваны варыянт).

Першую мінскую электрастанцыю, помнік архітэктуры, без асаблівай патрэбы і належнага даследвання ды фіксацыі пачалі знішчаць у 2012 годзе, каб задаволіць інтарэсы інвестара, які вырашыў пабудваць тут гасцінічны комплекс. У час будаўніцтва комплекс раптам падрос удвая ў параўнанні з прадстаўленымі спачатку рэндарамі і парушыў гармонію ансамбля пр. Незалежнасці, намінаванага на ўключэнне ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Пасля хвалі незадаволенасці грамадскасці ўсё ж удалося дамагчыся выратавання фрагментаў сцяны аднаго з захаваных будынкаў у стылі неаготыкі і абяцання аднаўлення электрастанцыі. У 2012 годзе былі прадстаўлены 2 варыянты: аднаўленне фасадных сцен будынкаў на іх гістарычным месцы з сучаснай інтэрпрэтацыяй асноўных аб’ёмаў, і варыянт з разваротам фасадаў да ракі. Увесь гэты час лічылася, што менавіта гэтыя варыянты канчатковыя.

Цяпер жа замест аднаўлення будынка на гістарычным месцы нам подла падсоўваюць мемарыяльную пліту ў натуральную велічыню, якая прадстаўляе сабой фасад меншага з 2 будынкаў, што раней абяцалі аднавіць. Яна не мае аніякага аб’ёму, які можна было б інтэпрытаваць як будынак, не пазначае яго гістарычнае размяшчэнне і арыентацыю ў прасторы, але наадварот уводзіць у зман, фальсіфікуе гісторыю горада.

Неверагоднай па сваёй крывадушнасці лічым і заяву праектантаў інстытута «Мінскграмадзянпраект», якія ў апраўданне свайго праекта заявілі:

“Такое рашэнне здымае праблему ЎВАРВАННЯ ў ансамбль праспекта Незалежнасці, арганізоўвае набярэжную, арыентуе гістарычны аб'ект на паркавыя перспектывы і дазваляе разглядаць узноўлены фрагмент не толькі ў структуры генеральнага плана шматфункцыянальнага комплексу, але і гарадскога парку…”

То бок гэта не будынак гатэля, які ўжо празвалі «неКепмінскі», уварваўся ў ансамбль праспекта і парушыў яго, а гэта, аказваецца, рабіла неагатычная электрастанцыя, якая існавала да ўзвядзення ансамбля праспекта! Атрымліваецца, што від з праспекта на паркоўку лепшы, чым агляд фасадаў гістарычнага помніка?

Паколькі прапанаваны цяпер варыянт уяўляе сабой сцяну толькі аднаго будынка і не мае аніякага аб’ёму, гэты аб’ект ніякім чынам нельга лічыць «комплексам будынкаў былой электрастанцыі», а менавіта пад такой назвай ён унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (шыфр 713Г000183).

Згодна з Кодэксам аб культуры, арт. 114, п. 1.1: 1.1. аднаўленне – сукупнасць работ і мерапрыемстваў, накiраваных на навукова абгрунтаванае поўнае або частковае паўторнае стварэнне матэрыяльных гiсторыкакультурных каштоўнасцей (для нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей – абавязкова на месцы iх ранейшага знаходжання);

З гэтага пункта вынікае, што прапанаванае «аднаўленне» не з’яўляецца аднаўленнем з пункту гледжання беларускага заканадаўства.

Зыходзячы з вышэйпералічаных акалічнасцей лагічным развіццём рэалізацыі прапанаванага варыянта будзе пазбаўленне электрастанцыі статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці — аб чым так доўга марылі ўсе датычныя да будаўніцтва гатэля.

У сувязі з гэтым патрабуем вярнуць аднаўленне фрагментаў будынкаў былой электрастанцыі ў рэчышча беларускага заканадаўства і міжнародных пагадненняў па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей. Адзіным дапушчальным варыянтам у дадзеным выпадку застанецца прапанова 2012 года з арыентацыяй фасадаў на праспект Незалежнасці.

Читать далее: