PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №5533
12 декабря 2022

Вярнуць помнікі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей

Каб абараніць ад знішчэння культурныя каштоўнасці, ім трэба дадаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
ответ
получен

Адресат:

Текущий статус обращения:

У адзначэнне Года гістарычнай памяці, абвешчанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, просім Савет Міністраў пачаць распрацоўку пастановы аб пераглядзе Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі з мэтай уключэння ў яго аб’ектаў, якія былі ўнесены ў Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі яшчэ за савецкім часам, але па невядомай прычыне (або па злосным намеры) не былі ў свой час перанесены ў новы рэестр. 

У Беларусі апошнія гады назіраюцца шматлікія выпадкі навукова неабгрунтаванага змянення ці поўнага знішчэння культурных каштоўнасцей, якім можа быць нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, пры поўнай беспакаранасці выканаўцаў і заказчыкаў. Дадзеная практыка стварае перашкоды для вылучэння культурных каштоўнасцей для надання статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасці праз фактычную страту іх адметнасцей або поўную страту аб’ектаў. 

У заканадаўстве існуюць артыкулы 344 КК РБ «Умышленные уничтожение либо повреждение историко-культурных ценностей или материальных объектов, которым может быть присвоен статус историко-культурной ценности», 345 КК РБ «Уничтожение, повреждение либо утрата историко-культурных ценностей или материальных объектов, которым может быть присвоен статус историко-культурной ценности, по неосторожности», 19.4. КоАП «Уничтожение, повреждение либо утрата историко-культурных ценностей или культурных ценностей, которым может быть придан статус историко-культурной ценности» — якія на практыцы прымяняюцца прыкладна ніколі, бо адсутнічаюць пэўныя крытэрыі. Дастаткова меркавання выканаўчых органаў (якія часта і з’яўляюцца ініцыятарам ненавуковага змянення або зносу, бо не пагаспадарску гэта, калі закінутыя сядзібы/бровары/млыны/камяніцы стаяць), што культурная каштоўнасць «каштоўнасці не ўяўляе», каб справа не атрымала далейшага ходу. Пры гэтым немагчыма аспрэчыць дадзенае меркаванне, бо без канкрэтна вызначаных крытэрыяў (больш канкрэтных, чым крытэрыі надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ў Кодэксе аб культуры, якія адвольна трактуюцца кожным бокам на сваю карысць) атрымліваецца прыватнае меркаванне супраць меркавання дзяржаўнага органа (якое таксама нічым не падмацаванае, але мае юрыдычную вагу). 

А між тым многія з гэтых аб’ектаў ужо былі ўзяты ў БССР, правапераемніцай якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, пад ахову дзяржавы. У 1984—1988 гады быў выдадзены ў 7 тамах (8 кнігах) «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» — афіцыйны дакумент, які ўключаў помнікі БССР, што былі ўзяты або павінны былі быць узяты пад дзяржаўную ахову. «Збор» быў падрыхтаваны навукоўцамі сектара Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі ды Аддзелам археалогіі Інстытута гісторыі АН Беларусі. Яны складзены па аснове павуковага абследавання помнікаў, вывучэння першакрыніц і літаратуры аб часе, падзеях і людзях, якім яны прысвечаны. Пра ўсё гэта паведамляецца ў прадмове да кожнага тома.

Збор помнікаў быў адменены ў 2001 годзе і, па невядомай прычыне, адны аб’екты патрапілі ў новы Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, а іншыя (часам нават больш каштоўныя, або прынамсі раўназначныя) «згубіліся», неабгрунтавана пазбавіўшыся ўсялякай аховы. 

Цяпер, каб вярнуць ахоўны статус гэтым аб’ектам, неабыякавыя грамадзяне павіны ўласнымі сіламі падрыхтоўваць прапановы, якія складаюцца з фіксацыі, навуковай апрацоўкі, мастацкай ацэнкі, абгрунтавання неабходнасці і давядзення адпаведнасці культурнай каштоўнасці крытэрыям з Кодэкса аб культуры — то бок падрыхтаваць паўнавартасную навуковую работу! Але гэтая праца ўжо была зроблена 40 гадоў таму прафесійнымі навукоўцамі з Акадэміі навук! І, у адрозненне ад таго, як у 2001 годзе сотні помнікаў «выпалі» з-пад аховы аднамомантна і без усялякай аргументацыі па кожным з аб’ектаў, наданне ім паўторна ахоўнага статусу гэта карпатлівая праца па адзінкавых аб’ектах (таму што асоб, здольных падрыхтаваць прапановы адзінкі, а дзяржаўныя органы і навуковыя ўстановы бяздзейнічаюць) без усялякай гарантыі, што справа завершыцца поспехам. Гэтая ганебная сітуацыя павінна быць зменена! Вось некалькі прыкладаў аб’ектаў, які раптам перасталі быць каштоўнымі для беларускай дзяржавы:
(нумар помніка ў «Зборы» - 1710) Сядзіба (другая палова XIX ст.): жылы дом, флігель, парк, капліца-пахавальня ў выглядзе піраміды; в. Маліноўшчына, Мінская вобласць, Маладзечанскі раён (1795) Андрэеўскі касцёл (1908—1914). Лынтупы, Пастаўскі раён, Віцебская вобласць (1108) Петрапаўлаўскі касцёл (1908). Мядзведзічы, Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць (545) Царква (1816). Вілейка, Вілейскі раён, Мінская вобласць (250) Сядзіба (другая палова 19 ст.): сядзібны дом, парк. Муравана, Бераставіцкі раён, Гродзенская вобласць (786) Петрапаўлаўская царква (1745). Вялікія Жухавічы, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць (812) Царква Іаана Прадцечы (пачатак 19 ст.). Малыя Жухавічы, Карэліцкі раён, Гродзенская вобласць (2515) Праабражэнская царква (другая палова 19 ст.). Чашнікі, Чашніцкі раён, Віцебская вобласць (901) Прачысценская царква (другая палова 19 ст.). Васільчыцы, Капыльскі раён, Мінская вобласць (2455) Будынак мужчынскай гімназіі (1852—1854). Слуцк, Слуцкі раён, Мінская вобласць (3251) Касцёл Антонія (канец 18 — пачатак 19 ст.). Раванічы, Чэрвеньскі раён, Мінская вобласць…і шматлікія, шматлікія іншыя культурныя каштоўнасці. Паколькі Міністэрства культуры Беларусі не валодае юрыдычнымі магчымасцямі для прыняцця наспелага рашэння, мы звяртаемся да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Год гістарычнай памяці з просьбай распрацаваць і прыняць пастанову аб пераглядзе Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей з мэтай пашырэння яго за кошт культурных каштоўнасцей, некалі ўнесеных у Дзяржаўны спіс помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. А таксама просім паспрыяць актывізацыі на месцах працы па выяўленні і падрыхтоўцы прапаноў на ахоўны статус для культурных каштоўнасцей, якія валодаюць прыкметамі гісторыка-культурных каштоўнасцей, але дагэтуль не былі ўнесены ні ў Дзяржспіс, ні ў Збор помнікаў. Мы, грамадства і дзяржава, мусім прыкласці ўсе сілы для захавання і памнажэння нашага культурнага і гістарычнага багацця!

Читать далее: