PETITION.BY - Удобный Город
Петиция №951
06 августа 2017

Цівалі і Альшэва замест забытай савецкай назвы

Назва жылога раёна Ракаўская шаша, узведзенага ў 1970-я гады, цалкам сцерлася з памяці жыхароў і карт горада, але ў той жа час на гэтай тэрыторыі існавалі населеныя пункты, назвы якіх можна было б захаваць, надаўшы часткам гэтага раёна.
ответ
получен

Адресат:

Текущий статус обращения:

Мы, жыхары Мінска і грамадзяне Беларусі, просім надаць часткам жылога раёна Ракаўская шаша новыя назвы - Цівалі і Альшэва, па назвах вёсак, якія існавалі на гэтай тэрыторыі.

Жылы раён Ракаўская шаша ўзведзены ў 1970-я гады і атрымаў назву ад аднайменнай загараднай дарогі ў кірунку на Ракаў. Яшчэ ў 1971 годзе Ракаўскую шашу перайменавалі ў гонар нядаўна памерлага дзяржаўнага і палітычнага дзеяча, аднаго з арганізатараў камсамольскага падполля і партызанскага руху ў БССР у гады Вялікай Айчыннай Сяргея Прытыцкага. Фактычна з гэтага моманту назва недабудаванага жылога раёна пачала знікаць са свядомасці людзей і картаў сталіцы. У наш час гэтая назва ніяк не замацавана і з'яўляецца непазнавальнай для жыхароў, найстарэйшыя з якіх прыгадваюць яе выключна як колішняе імя вуліцы Прытыцкага. Мікрараёны гэтый безыменнай тэрыторыі прывязваюцца жыхарамі да найбліжэйшых станцый метро — Спартыўнай, Пушкінскай (гутарковае Пушкары) і Маладзёжнай.

У той жа час на гэтай тэрыторыі калісьці існавалі населеныя пункты, назвы якіх можна было б захаваць, надаўшы часткам гэтага жылога раёна.

Вёска Цівалі, якая месцілася прыкладна каля ст. м. Спартыўная, была далучана да Мінска ў 1967 годзе. Яшчэ ў XIX ст. мясцовасць выкупіў прускі прадпрымальнік Т. Гольцберг, які зрабіў у сваім фальварку першы ў Мінску парк актыўных атракцыёнаў. Мясціна была названа ў гонар парка актыўнага адпачынку «Цівалі», адкрытага ў Капенгагене знакамітым дацкім вандроўнікам Г. Карстэнсэнам у 1844 годзе. Праз папулярнасць праекта падобныя паркі былі створаны ў многіх еўрапейскіх гарадах. У беларускіх Цівалях была пабудавана сядзіба, летні тэатр «Цівалі» і рэстарацыя. На ўзвышшы знаходзіўся адзіны ў ваколіцах вятрак. Раён з'яўляўся адным з культурных куткоў губернскага Мінска. У 1970-х вёска знесена ў сувязі з будаўніцтвам жылога раёна. Назва Цівалі ў наш час была нададзена парку, які прымакае да жылога раёна, а таксама бізнес-цэнтру. Папулярызацыя гісторыі Мінска зрабіла гэтую назву пазнавальнай не толькі сярод мясцовых жыхаў, але і сярод жыхароў усё сталіцы.

Вёска Альшэва была ўключаная ў межы Мінска ў 1959 годзе. Ад назвы вёскі ўзнікла вуліца Альшэўская, пераназваная ў 1969 годзе ў вуліцу Альшэўскага (у гонар Героя Савецкага Саюза М. М. Альшэўскага). Вясковыя дамы былі знесеныя ў канцы 1960-х — пачатку 1970-х гадоў, калі пачалося будаўніцтва шматпавярховых дамоў. У 2009 годзе ў гонар вёскі атрымаў назву Альшэўскі сквер.

Такім чынам, назвы Цівалі і Альшэва з'яўляюцца больш пазнавальнымі для мясцовых жыхароў і нясуць у сабе пэўны гістарычны сэнс, а назва Ракаўская шаша не толькі забытая, але і больш пасавала б для лінейных аб'ектаў - вуліц, а не для буйнога жылога раёна.

У сувязі з гэтым прапануем надаць забудове ў межах вуліц Прытыцкага, Пятра Глебкі, Альшэўскага і праспекта Пушкіна назву Цівалі, а забудове ў межах вуліц Кальварыйскай, Прытыцкага, праспекта Пушкіна, вуліц Альшэўскага, Бірузова і Скрыганава надаць назву Альшэва. Пейменаванне не патрабуе значных фінансавых выдаткаў, паколькі назва Ракаўская шаша нідзе не зафіксавана і не выкарыстоўваецца.

Замацаванне назваў гістарычных паселішчаў павялічыла б цікавасць да гісторыі горада і паспрыяла б развіццю самасвядомасці жыхароў сталіцы. Акрамя таго, больш лагічнымі выглядалі б назвы Цівалі і Альшэўская, парапанаваныя для новых станцый Чацвёртай лініі Мінскага метрапалітэна.

Читать далее: